Беларуская Служба

Gazeta Wyborcza: Польшча рызыкуе застацца без лекаў у выпадку вайны

29.07.2025 11:34
У Польскім саюзе працадаўцаў фармацэўтычнай прамысловасці перакананыя — фабрыкі лекаў не маюць гарантаванай бесперабойнай падачы электраэнергіі падчас крызісу.
 ,            .
Эксперт падкрэслівае, што крытычна неабходныя лекі павінны вырабляцца ў асноўным у Польшчы і Еўропе.Shutterstock

Міністэрства аховы здароўя Польшчы ўсё разумее, Міністэрства нацыянальнай абароны слухае экспертаў, а прэм’ер заняты іншымі справамі. Краіна адпраўляе паляка ў космас, але не думае, які драматычны сцэнар можа спраўдзіцца, калі пачнецца вайна, а даступных для насельніцтва лекаў не будзе, — піша аўторак Gazeta Wyborcza.

Старшыня Польскага саюза працадаўцаў фармацэўтычнай прамысловасці Кшыштаф Копец у размове з выданнем адзначае, што фабрыкі лекаў у Польшчы не маюць гарантаванай бесперабойнай падачы электраэнергіі ў крызісныя часы. «Так, прыярытэт — гэта людзі, шпіталі, паліклінікі. Але заканадаўца забыўся: каб шпіталі працавалі і ратавалі жыцці ваеннаслужачых і мірных грамадзян, патрэбныя лекі», — кажа эксперт.

«Што з таго, што ў шпіталі будзе святло, калі не будзе антыбіётыкаў, супрацьзапальных ці абязбольвальных прэпаратаў? Іх у Польшчы можа не стаць ужо праз два месяцы магчымага канфлікту. Без іх нават простыя аперацыі стануць немагчымыя. Нам застануцца толькі "гераічныя" аперацыі без наркозу, што прывядзе да заражэнняў і смерцяў», — дадае Кшыштаф Копец.

Эксперт падкрэслівае, што крытычна неабходныя лекі павінны вырабляцца ў асноўным у Польшчы і Еўропе. «Некаторыя з іх яшчэ выпускаюцца ў Еўропе. Але большасць крытычна важных прэпаратаў — не. І гэта нашая трагедыя. Бо гэтыя лекі — для шырокага насельніцтва: ад дыябету, астмы, анкалогіі, хвароб лёгкіх і сэрца. У выпадку сардэчных хвароб наступствы адсутнасці лекаў наступаюць праз месяцы, а вось без інсуліну дыябетыкі пачнуць паміраць ужо праз некалькі дзён. І менавіта гэтыя лекі мы, як ЕС і дзяржаўныя плацельшчыкі, з фінансавых прычын выцеснілі з Еўропы ў Азію», — падсумоўвае старшыня Польскага саюза працадаўцаў фармацэўтычнай прамысловасці.

эж