«Бункер не мае статусу гістарычнага помнік, будынкі могуць быць адаптаваны для любых мэт», кажа ўладальнік нерухомасці, якая прадаецца ў Вехліцах (Wiechlice) Любускага ваяводства ў заходняй частцы Польшчы. У гэтым бункеры Савецкая армія захоўвала ядзерныя боегалоўкі, паведамляе выданне Business Insider.
«Калі я купіў гэты ўчастак больш за 20 гадоў таму, патокам ішлі сюды польскія і замежныя турысты паглядзець гэтае месца», — успамінае Марыюш Скробат.
У ніжняй частцы двухпавярховага бункера знаходзіўся склад ядзернай зброі, а ў верхняй — памяшканні для персаналу, пакой сувязі і станцыя назірання. Для маскіроўкі на фасадзе бункера былі намаляваныя хвоі.
«Бункер выкарыстоўваўся для захоўвання ядзернай зброі тыпу «Граніт-2». Тут захоўваліся авіяцыйныя атамныя бомбы. Бункер мог змясціць 38 адзінак. Яго плошча складае прыблізна 600 квадратных метраў», тлумачыць Марыюш Скробат.
Сёння ў бункеры акрамя сцен, засталася толькі падлога, — распавядае ўладальнік нерухомасці.
«Унутры была ўсталяваная сістэма вентыляцыі. Тэмпература мусіла быць ад 17 да 23 градусаў Цэльсія. Дзякуючы гэтай сістэме таксама рэгулявалася вільготнасць», — дадае ён.
Адкуль мужчына пра гэта ведае?
«Адзін расеец, які тут служыў, калісьці наведаў нас і расказаў мне пра гэтае месца», — кажа Скробат. «За гады я знёс некаторыя будынкі, напрыклад, будынак, у якім размяшчаўся кінатэатр. На яго фасадзе быў намаляваны партрэт Леніна», — распавёў прадпрымальнік.
«Я з самага пачатку ведаў, што тут ёсць бункер. Я купіў участак толькі таму, што ён знаходзіўся далей ад любых будынкаў, меў брукаваны двор, склады, ваду і электрычнасць. Мая кампанія займалася спальваннем вугалю, таму гэтае месца ідэальна падыходзіла для такога бізнесу. А гэты бункер служыў складам для захоўвання вугалю», кажа ўладальнік.
«Участак, які я выстаўляю на продаж, мае 7 гектараў. Там ёсць тры склады, кожны па 800 квадратных метраў. Акрамя таго, былая вартаўнічая, плошчай 180 квадратных метраў, цяпер служыць сацыяльным жыллём са сталоўкай для рабочых і невялікім офісам. Гараж мае плошчу прыкладна 100 квадратных метраў, а былы будынак лазні і кацельні займае яшчэ 200 квадратных метраў», — тлумачыць Марыюш.
На браме, якая вядзе на завод, знаходзяцца савецкія зоркі. «Яны былі зроблены з ліставога металу. З гадамі яны паржавелі, але мы іх аднавілі пафарбаваўшы», — тлумачыць Марыюш Скробот.
Ён дадае: «Расіянін з украінскім пашпартам, які наведаў гэтае месца, сказаў мне, што ніколі не думаў, што дажыве да таго дня, калі ў яго будзе магчымасць заехаць у частку, дзе ён служыў, на асабістым аўтамабілі, што ён зможа паказаць жонцы і дачцэ тэрыторыю і расказаць ім, чым ён займаўся».
Іншы расіянін агледзеў двухпавярховы будынак, якога ўжо няма, бо ўладальнік яго знёс. Былы савецкі афіцэр паказаў, дзе быў тэлевізар, дзе была трэнажорная зала, дзе быў склад зброі, паказаў нават, дзе стаяў яго ложак.
Выданне Business Insider нагадала, што Савецкі Саюз адмаўляў наяўнасць ядзернай зброі ў Польшчы. «Яны хлусілі. Былыя савецкія вайскоўцы, якія наведвалі гэтае месца, пацвердзілі ў размовах са мной, што ў гэтым бункеры захоўвалася ядзерная зброя», — распавёў спадар Марыюш.
Гэта таксама пацвярджаецца дакументамі Варшаўскай дамовы, рассакрэчанай Міністэрствам нацыянальнай абароны ў 2006 годзе пад кодавай назвай «Вісла». У рамках гэтай аперацыі саветы пабудавалі і абсталявалі склады ў Вяхліцах у перыяд 1967 - 1970 гг. За ўсё заплаціла Польшча. Зброя, якай тут захоўвалася, павінна была быць перададзена польскім вайскоўцам у выпадку канфлікту з краінамі НАТА.
Чаму ўладальнік вырашыў прадаць зямлю з бункерам?
«Пасля больш чым 20 гадоў я стаміўся жыць у лесе і хацеў бы змяніць абстаноўку. Але ў мяне таксама ёсць сентыментальныя пачуцці да гэтага месца, таму я выстаўляю на продаж участак плошчай 7 гектараў, а астатнія 3 гектары, пакідаю сабе».
Участак з савецкім бункерам, у якім Савецкая армія захоўвала ядзерныя боегалоўкі ў Польшчы, прадаецца. Запытаная цана — 1,9 мільёна злотых (445 тысяч еўра).
яс