Польская эканоміка дэманструе найбольш упэўнены рост за апошнія гады. Паводле аператыўнай ацэнкі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення (GUS), у другім квартале 2025 года валавы ўнутраны прадукт краіны павялічыўся на 3,4% у гадавым выражэнні. Гэта лепшы паказчык з канца 2022 года і вышэйшы за вынік першага квартала, паведамляе партал biznesalert.pl.
Пасля карэкціроўкі на сезонны фактар рэальны ВУП вырас на 0,8% у параўнанні з папярэднім кварталам і на 3,0% у параўнанні з другім кварталам 2024 года.
Аналітыкі адзначаюць, што асноўным рухавіком росту стала прыватнае спажыванне, якое падтрымліваецца стабільным рынкам працы і ростам заробкаў. Значны ўклад зрабілі і дзяржаўныя інвестыцыі, хоць прамысловасць застаецца ў стане стагнацыі, а будаўнічы сектар скарачае аб’ёмы. Паводле ацэнак банка ING, найбольш актыўна развіваюцца паслугі.
Сэрвіс Macronext прагназуе, што па выніках усяго 2025 года польская гаспадарка можа вырасці на 3,5%. Аналітык кампаніі Exante Барташ Савіцкі адзначае: цяперашнія тэмпы адпавядаюць чаканням рынку, а ў другім паўгоддзі варта чакаць дадатковага паскарэння дзякуючы далейшаму росту спажывання і аднаўленню інвестыцый. На яго думку, вынік росту за год можа нават перавысіць прагназаваныя 3,5%.
Поўны статыстычны даклад GUS па другім квартале, які дазволіць дакладна ацаніць уклад асобных сектараў у эканамічны рост, будзе апублікаваны 1 верасня. Дакумент стане ключавой крыніцай для ацэнкі рэальнага стану польскай эканомікі і перспектыў на 2026 год.
эж