Польскі горад Кельцэ зноў апынуўся ў цэнтры ўвагі ваеннай прамысловасці ў свеце. Ужо 33 раз у адміністрацыйным цэнтры Свентакшыскага ваяводства праходзіць Міжнародная выстава абароннай прамысловасці. Гэта адно з трох найбуйнейшых мерапрыемстваў такога тыпу ў Еўропе – пасля кірмашоў у Парыжы(Eurosatory) і Лондане (DSEI).
35 краін, больш за 800 кампаній, дэлегацыі з 45 краін, у тым ліку 21 амбасадар і 40 тысяч квадратных метраў выставачнай плошчы – такім чынам можна падсумаваць Міжнародную выставу абароннай прамысловасці, якая сёлета ў 33 раз праходзіць у горадзе Кельцэ.
Як падкрэсліваюць арганізатары, выстава – гэта не толькі месца для прэзентацыі сучасных ваенных тэхналогій, але і форум абароннай дыпламатыі, дзе прымаюцца рашэнні стратэгічнага значэння.
Традыцыйна ў выставачных залах наведвальнікі мерапрыемства змогуць палюбавацца тым, што прапануюць вайскоўцам абаронныя кампаніі з Польшчы і ўсяго свету.
«Будзе цікава», – запэўнівае старшыня Кельцкіх кірмашоў Анджэй Мохань (Andrzej Mochoń):
- У нас рэкордная выставачная плошча, рэкордная колькасць экспанентаў – 811 кампаній, то бок на некалькі дзясяткаў больш, чым у мінулым годзе. Рэкордная таксама колькасць экспанатаў.
Падчас мерапрыемства будзе падпісана шэраг важных пагадненняў аб стратэгічным супрацоўніцтве. Першыя з іх ужо заключаныя.
Адзіна з найбуйнейшай прыватнай кампаніяй па вытворчасці ўзбраення і ваеннай тэхнікі ў Польшчы Група WB і паўднёвакарэйская кампанія Hanwha Grup сумесна пабудуюць у Польшчы завод па вытворчасці ракет CGR-080 для далёкабойнай пускавой устаноўкі Chunmoo, вядомай у По льшчы як праграма Homar-K.
33-я Міжнародная выстава абароннай прамысловасці ў горадзе Кельцэ PAP/Adam Kumorowicz
Гэтая зброя ўжо два гады знаходзіцца на ўзбраенні Польскай арміі. Віцэ-прэм'ер міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Косіняк-Камыш (Władysław Kosiniak-Kamysz), падкрэсліў, што пасля падпісання месяц таму з азіяцкімі партнёрамі пагаднення аб вытворчасці танкаў у Польшчы, гэта чарговы такі прарыў для польскай ваеннай прамысловасці:
- Мы дайшлі да таго часу, калі дзякуючы цудоўным, разумным людзям Польшча заключыла пагадненне і атрымала магчымасць выпускаць ракеты для пускавой устаноўкі HOMAR-K. Гэта магчымасці, якія будуць рэалізаваны, тэхналогіі будуць перададзеныя, і яны будуць спрыяць умацаванню бяспекі Польшчы.
Намеснік міністра абароны Паўднёвай Карэі Хёнкі Чу (Hyunki Cho) заявіў, што пагадненне – гэта новы этап у супрацоўніцтве з Польшчай:
- Я перакананы, што дзякуючы сённяшняму пагадненню, стварэнню кампаніі і будаўніцтву завода ў будучыні мы зможам ствараць, у прыватнасці, у Польшчы, ракетныя комплексы найвышэйшай якасці.
Кіраўніцтва Групы WB абвяшчае, што ракетны завод, верагодна, будзе адкрыты на працягу чатырох гадоў. Ён зможа выпускаць 10 000 ракет у год, якія здольныя паражаць мэты на адлегласці прыблізна да 100 км.
Учора ў Кельцах быў таксама заключаны кантракт на пастаўку польскай арміі радараў для зенітных і супрацьракетных комплексаў «Нараў». Кошт кантракту складае 5,8 мільярда злотых ( амаль 1 мільярд 365 мільёнаў еўра). Ён тычыцца набыцця 46 радараў пасіўнага сачэння PET/PCL у рамках праграмы супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны «Нараў». Гэтая сістэма забяспечвае бесперапыннае назіранне і разведку паветранай прасторы, незалежна ад актыўных радараў, пры гэтым не выпраменьваючы сігналаў, што робіць яе непрыкметнай для варожых сістэм радыёэлектроннай барацьбы, падкрэсліваюць прадстаўнікі Польскай групы ўзбраенняў.
У аўторак у рамках Міжнароднай выставы абароннай прамысловасці было падпісана пагадненне паміж Агенцтвам узбраення і Ваенным заводам «Łucznik» з Радама на пастаўку 23 000 вінтовак MSBS Grot у найноўшай версіі. Гэта працяг раней заключаных кантрактаў. На сённяшні дзень Польскае войска атрымала 160 000 гэткіх вінтовак.
Падчас Міжнароднай выставы абароннай прамысловасці ў горадзе Кельцэ сваю прадукцыю прадэманструюць больш за 30 кампаній Польскай групы ўзбраенняў (PGZ). Упершыню наведвальнікі ўбачаць, сярод іншага, серыйную машыну рассеянага мінавання Baobab і першы асобнік новай плаваючай баявой машыны пяхоты Borsuk – праект, які мае асаблівае значэнне для польскай абароннай прамысловасці.
Можна будзе пабачыць таксама мадэлі падводных лодак Mecznik і Ratownik у маштабе 1:100, якія будуюцца на верфі для ВМС Польшчы. Адбудуцца таксама прэмʼеры, у тым ліку радара FIELDctrl Follow 3D MIMO для барацьбы з беспілотнікамі і праекта перахопу гіпергукавых ракет HYDEF Інстытута авіяцыі.
33-я Міжнародная выстава абароннай прамысловасці ў горадзе Кельцэ PAP/Adam Kumorowicz
У сваю чаргу Група WB, прэзентавала дрона Stormrider – гэта, падобны на браніраваны маторны катэр, ваенна-марскі беспілотнік для спецыяльных аперацый у Балтыйскім моры.
Прадстаўнік кампаніяй Рэмігіюш Вільк (Remigiusz Wilk) расказвае пра магчымасці ваенна-марскога беспілотніка, распрацаванага з нуля польскімі інжынерамі:
- Гэты невялікі карабель мае шмат цікавых магчымасцей. Па-першае, ён можа назіраць, патруляваць, абараняць – ён узброены. Гэта шматмэтавае судна, якое мы ствараем для польскіх маракоў, каб павысіць іх бяспеку, а таксама, каб пазбегнуць неабходнасці плаваць паўсюль на суднах з экіпажам.
Ваенна-марскія беспілотнікі ад Група WB могуць выкарыстоўвацца для абароны стратэгічных інвестыцый у Балтыйскім моры, такіх як энергетычныя ўстаноўкі на марскім дне, паліўныя платформы і ветраныя электрастанцыі, якія будуць пабудаваны ў Балтыйскім моры.
Кампанія таксама прэзентавала новыя беспілотнікі для наземнага выкарыстання. Гаворка ідзе пра праект Future Task Force, то бок беспілотны ўзвод.
Разам з кірмашом у горадзе Кельцэ адбудзецца таксама шэраг суправаджальных мерапрыемстваў, у тым ліку тэматычныя дэбаты і навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя такім тэмам, як штучны інтэлект у абароне і важнасць павелічэння выдаткаў на абарону для прамысловага развіцця, а таксама падпісанне лістоў аб намерах і пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж ваеннымі кампаніямі.
Госцем 33-й Міжнароднай выставы абароннай прамысловасці ў горадзе Кельцэ быў прэм'ер-міністр Дональд Туск. PAP/Adam Kumorowicz
Сёння госцем 33-й Міжнароднай выставы абароннай прамысловасці ў горадзе Кельцэ будзе прэмʼер-міністр Дональд Туск, які наведае выставу, а таксама прыме ўдзел у прэс-канферэнцыі.
33-я Міжнародная выстава абароннай прамысловасці, якая пачалася ў аўторак 2-га верасня ў горадзе Кельцэ, будзе працягвацца да 5 верасня.
IAR/аз