Беларуская Служба

Нават 47 мільёнаў еўра можа складаць кошт польскіх грузавікоў, якія не паспелі вярнуцца ў Польшчу да закрыцця мяжы з Беларуссю

23.09.2025 13:10
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі лічыць, што Польшча канчаткова будзе прымушаная адкрыць мяжу.
   -
Памежны пераход на польска-беларускай мяжыКрыніца: podlasianin.com.pl

Больш за тысячу польскіх грузавікоў затрымаліся ў Беларусі пасля закрыцця польска-беларускай мяжы 9 верасня. Паводле ацэнак старонкі wp.pl, кошт затрыманых транспартных сродкаў перавышае 100 мільёнаў злотых (23,5 мільёна еўра).

Беларускі бок толькі што апублікаваў спіс польскіх аўтамабіляў, прыпаркаваных у так званай зоне чакання на памежным пераходзе «Кукурыкі-Казловічы». Ён уключае 1 035 рэгістрацыйных у Польшчы грузавікоў і аўтобусаў.

Паводле старонкі wp.pl., у спісе знаходзяцца некалькігадовыя мадэлі такіх брэндаў, як MAN, Volvo, Scania і Renault. Кошт такога транспартнага сродку, нават ужыванага, складае, як мінімум, больш за мільён злотых.

У сваю чаргу, паводле кіраўніка транспартнай кампаніі з Люблінскага ваяводства і палітыка «Нацыянальнага руху» Рафала Мэклера, кошт аўтамабіляў і грузу, які застаўся ў Беларусі можа складаць яшчэ больш – нават 200 мільёнаў злотых (амаль 47 мільёнаў еўра).

Польскія кампаніі ўжо губляюць кантракты

«Самае горшае – гэта нявызначанасць адносна таго, ці адкрыецца мяжа, калі гэта адбудзецца, і ці будуць польскія аўтамабілі эвакуяваныя нейкім іншым спецыяльным спосабам», – кажа прэс-сакратар Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Анна Бжазіньска.

Паводле прадстаўнікоў Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў, згаданыя сумы пакуль не з'яўляюцца стратай, бо транспартныя сродкі яшчэ не былі канфіскаваны рэжымам. Аднак польскія кампаніі ўжо губляюць кантракты на перавозкі грузаў на карысць кампаній з Літвы і Латвіі, якія могуць свабодна ўязджаць у Беларусь.

«Мы атрымліваем паведамленні пра трагічныя сітуацыі, калі ўладальнікі малога бізнесу маюць адзін транспартны сродак і не могуць дазволіць сабе яго страціць, таму яны едуць у Беларусь, каб ахоўваць грузавік і груз», – дадае прэс-сакратар Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Анна Бжазіньска.

Сустрэча польскага боку

У пятніцу адбылася сустрэча паміж прадстаўнікамі Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў і чыноўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі і Міністэрства інфраструктуры. Як паведаміла Анна Бжазіньска сустрэча з афіцыйнымі прадстаўнікамі дала толькі сціплыя адказы – без дэталяў.

«Патэнцыйныя страты будуць ацэнены, як толькі стане вядома, як доўга мяжа будзе зачынена», – паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі.

Прадпрымальнікі: Занадта мала часу на вяртанне

Прадпрымальнікі скардзяцца, што ім далі занадта мала часу на вяртанне. «Час чакання на мяжы часта перавышае 24 гадзіны, а перагрузка на беларускім баку таксама можа заняць дзясяткі гадзін. У апошнія дні перад закрыццём рух быў яшчэ больш інтэнсіўным з-за заканчэння летніх канікул (…), таму гэты працэс дадаткова зацягваўся», – кажа Рафал Мэклер.

Перавозчыкі асцерагаюцца, што ў канчатковым выніку міністэрства, адмаўляючыся прызнаць сваю памылку, ахвяруе актывамі польскіх кампаній. Яны таксама нагадваюць, што час знаходжання польскага грузавіка на тэрыторыі Беларусі абмежаваны.

«Ліміт усталяваны, і яго перавышэнне будзе зʼяўляцца парушэннем мясцовага заканадаўства, што можа прывесці да канфіскацыі транспартнага сродку», – кажа Рафал Мэклер у размове са старонкай wp.pl.

аз

Беларусь адказвае на закрыццё мяжы. Кіроўцы і транспартныя сродкі апынуліся ў пастцы

19.09.2025 14:01
Між тым, Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі разіць кіроўцам вяртацца праз пераходы, якія былі зачыненыя два гады таму.