Беларуская Служба

Беларусы – у тройцы замежных грамадзян па адкрыцці ў Польшчы гаспадарчай дзейнасці

25.09.2025 19:02
Амаль 50% усіх актыўных замежных фірмаў былі створаныя за апошнія пяць гадоў.
500
500 польскіх злотыхкрыніца: Narodowy Bank Polski

У першай палове 2025 года замежныя грамадзяне падалі ў Польшчы 21 тыс. 500 заявак на адкрыццё індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці. У сваю чаргу ў студзені было амаль 105 тыс. ІП, уладальнікамі якіх з'яўляюцца замежнікі, паведамляе партал Gazeta.pl.

Паводле дадзеных Міністэрства развіцця і тэхналогій, у першай палове 2025 года Цэнтральная рэгістрацыя і інфармацыя аб бізнесе атрымала 149 тыс. 100 заявак на стварэнне ІП, з якіх 21 тыс. 500 заявак (14,4%) паступіла ад замежнікаў або асоб з падвойным грамадзянствам. Грамадзяне Украіны ўзначальваюць рэйтынг – на іх прыпадае 16 тыс. 700 заявак.

Паводле стану на студзень 2025 года, у Польшчы налічвалася 104 тыс. 785 ІП з замежным капіталам або бенефіцыярнымі ўладальнікамі якіх зʼяўляюцца грамадзяне іншых краін. Штогод ствараецца ад 6 тыс. да 13 тыс. такіх фірмаў.

Амаль 50% усіх актыўных замежных фірмаў былі створаныя за апошнія пяць гадоў. На першым месцы – украінцы: яны валодаюць 28 тыс. 181 кампаніяй, паводле статыстычных дадзеных на канец студзеня. Немцы (8 тыс. 662 кампаніі) і беларусы (7 тыс. 530) замыкаюць тройку. Далей у спісе ідуць нідэрладцы, кітайцы, брытанцы, італьянцы, вʼетнамцы, амерыканцы і французы.

Пераважная большасць – гэта мікрапрадпрыемствы. У 72% кампаній у штаце дзевяць альбо менш чалавек, а амаль 14% не маюць супрацоўнікаў.

Асноўныя віды дзейнасці, якімі займаюць іншаземцы ў Польшчы, гэта грузавыя перавозкі (5 тыс. 328 кампаній), установы грамадскага харчавання (4 тыс. 181), будаўнічыя работы, звязаныя з жылымі будынкамі (4 тыс. 167), дзейнасць, звязаная з праграмным забеспячэннем (3 тыс. 924), і аптовы гандаль (3 тыс. 480).

вс