Еўропа вяртаецца да наяўных грошай. Людзі ўсё часцей трымаюць іх дома — на выпадак збояў у працы банкаматаў або плацежных сістэм. Асабліва гучным стаў выпадак Даніі, дзе 95 % рознічных аперацый ажыццяўляецца карткамі або праз мабільныя дадаткі, — пішуць на польскім партале biznesalert.pl. Цяпер цэнтральны банк Даніі заклікаў грамадзян зноў мець пры сабе наяўныя. Рэкамендавана трымаць дома не менш за 250 данскіх крон — каля 35 еўра — у дробных наміналах, каб у выпадку збояў можна было без праблем атрымаць рэшту.
Прычынай гэтых рэкамендацый стала трохгадзінная летняя аварыя сеткі, якая цалкам спыніла электронныя плацяжы. Падобныя выпадкі нядаўна назіраліся ў Іспаніі, Партугаліі і Францыі. Як адзначыў кіраўнік дацкага цэнтрабанка Ульрых Нодгаард, гэтыя сітуацыі паказалі, што наяўныя ўсё яшчэ неабходныя як альтэрнатыўны сродак разліку.
У Германіі тэндэнцыя таксама відавочная. Паводле дадзеных Бундэсбанка, 42 % банкнотаў захоўваюцца ў дамах як сродак зберажэння — у 2,5 раза больш, чым у 2013 г. На канец 2024 г. на руках у немцаў знаходзілася каля 395 млрд еўра. Бундэсбанк называе гэта «парадоксам банкнотаў»: наяўных усё больш, але іх усё радзей выкарыстоўваюць.
У Польшчы сітуацыя падобная. Паводле Нацыянальнага банка, на канец жніўня 2025 г. у абароце знаходзілася 443 млрд злотых — на 7,4 % больш, чым у пачатку года. Да канца 2025-га сума можа павялічыцца яшчэ прыкладна на 10 %.
Эксперты тлумачаць гэта не толькі інфляцыяй, але і ростам пачуцця няўпэўненасці, узмацнёнага пандэміяй і вайной ва Украіне.
эж