Без месенджараў і без банка ў кішэні. Так можа выглядаць паўсядзённасць тысяч палякаў, якія ўсё яшчэ карыстаюцца старымі тэлефоннымі апаратамі. Мабільныя аператары развітваюцца з тэхналогіяй мабільнай сувязі 3G, аб чым піша Forsal.
Калісьці яна была сімвалам прагрэсу, але сёння тэхналогія 3G з'яўляецца састарэлай: яна працуе павольна, займае шмат месца і каштуе надта дорага. Таму аператары пераходзяць на чацвёртае або пятае пакаленне — яны больш хуткія, стабільныя і танныя.
T-Mobile адключыў трэцяе пакаленне яшчэ ў 2023 годзе. Orange робіць гэта паступова (да канца 2025 года сігнал знікне з усёй краіны), а Play пачаў адключэнне гэтай вясной, Plus — пакуль маўчыць, але да 2027 года тэхналогія цалкам сыдзе ў гісторыю.
Гэта значыць, што старэйшыя мадэлі тэлефонаў — асабліва выпушчаныя да 2012 года — хутка страцяць доступ да інтэрнэту. Выход толькі адзін — замяніць прыладу. Найбольш танны смартфон з 4G каштуе каля 400–500 злотых, мадэль з 5G — прыкладна тысячу. Аператары не прапануюць кампенсацый, толькі сімвалічныя зніжкі пры набыцці новага тэлефона.
Перад тым як спяшацца ў краму, варта праверыць, ці сапраўды ваш тэлефон трэба мяняць. У Android гэта можна зрабіць у наладах, у раздзеле «Мабільная сетка» або «Пра тэлефон». Карыстальнікі Apple могуць паглядзець у меню «Сетка» → «Гэтая прылада».
нг