Беларуская Служба

Puls Biznesu: Толькі агульныя еўрапейскія субсідыі здольныя спыніць экспансію кітайскага аўтапрама 

27.10.2025 13:50
Для Польшчы аўтамабільная галіна хоць і не з’яўляецца дамінуючай, але мае вялікае значэнне: яна забяспечвае каля 200 тысяч працоўных месцаў, стварае 8% ВУП і адказвае за 13,5 % экспарту.
ІлюстрацыяANAID studio/Shutterstock

Еўрапейскі Саюз хоча і павінен абараніцца ад экспансіі кітайскай аўтамабільнай прамысловасці. Але, як адзначае выданне Puls Biznesu, перашкодай можа стаць тое самае, што ўжо блакуе стварэнне банкаўскага саюза ці аб’яднанага рынку капіталу, — глыбокая ідэалагічная, палітычная і рэгуляцыйная фрагментацыя Еўропы. У выданні мяркуць, што рашэннем можа стаць агульная сістэма субсідый для еўрапейскіх электрамабіляў.

Паводле Puls Biznesu, еўрапейская аўтапрамысловасць апошнія гады знаходзіцца ў стане застою. На яе ўплываюць тры фактары: кітайская экспансія, амерыканскі пратэкцыянізм і слабая актыўнасць спажыўцоў. З 2019 года імпарт электра- і гібрыдных аўтамабіляў з Кітая ў ЕС вырас з 10 млн да 8,3 млрд еўра, а экспарт еўрапейскіх машын у Кітай — толькі да 2,8 млрд еўра. У выніку кітайскія вытворцы ўжо кантралююць каля 20% рынку электрамабіляў у Еўропе.

Попыт унутры ЕС застаецца прыкладна на 20% ніжэйшым, чым да пандэміі, а ЗША нядаўна павысілі мыты на еўрапейскія аўтамабілі з 2,5 да 15%.

Для Польшчы аўтамабільная галіна хоць і не з’яўляецца дамінуючай, але мае вялікае значэнне: яна забяспечвае каля 200 тысяч працоўных месцаў, стварае 8% ВУП і адказвае за 13,5 % экспарту. Краіна ўваходзіць у ліку лідараў ЕC па вытворчасці электрычных і гібрыдных аўтобусаў, лёгкіх грузавікоў і аўтакампанентаў.

Эксперты, на якіх спасылаецца Puls Biznesu, прапануюць «зруйнаваць» нацыянальныя схемы субсідавання і стварыць адзіную агульнаеўрапейскую праграму падтрымкі электрамабіляў з прынцыпам «купляй еўрапейскае». Яна павінна аддаваць перавагу транспарту з найменшым вугляродным следам — менавіта тут еўрапейскія вытворцы маюць перавагу перад кітайскімі.

эж