Ускладненне міграцыйных працэдур урадам Польшчы, якое павінна было спыніць злоўжыванні пры легалізацыі працаўладкавання і пражывання замежнікаў, нечакана ўдарыла па легальных кампаніях, — піша ў пятніцу газета Rzeczpospolita.
Паводле выдання, у 2024 годзе колькасць заяў на атрымання польскай працоўнай візы скарацілася больш як на чвэрць — да 252 тысяч. Пасля трох кварталаў 2025 года гэты паказчык знізіўся яшчэ больш — да 167 тысяч. Большасць віз атрымалі грамадзяне Украіны, а для кандыдатаў з краін Азіі і Паўднёвай Амерыкі доступ на польскі рынак працы фактычна зачыніўся, сведчаць дадзеныя МЗС Польшчы.
Як адзначае Rzeczpospolita, падзенне колькасці віз стала вынікам змяненняў у візавай палітыцы, уведзеных у 2024 годзе. Урад Дональда Туска зацвердзіў больш жорсткія правілы пасля таго, як напрыканцы кіравання PiS успыхнуў візавы скандал.
Паводле газеты, цяжкасці са знаходжаннем супрацоўнікаў і студэнтаў замежнага паходжання ствараюць сур’ёзныя праблемы для польскіх кампаній, якім без працаўнікоў-замежнікаў цяжка запоўніць вакансіі і развіваць бізнес.
Як паказвае кастрычніцкае даследаванне Звязу лідараў сектара бізнес-паслуг (ABSL) і кансалтынгавай кампаніі EY, амаль 77% цэнтраў абслугоўвання, якія працуюць у Польшчы, прызналі, што праблемы з рэлакацыяй і легалізацыяй працы замежнікаў негатыўна паўплывалі на іх інвестыцыі.
эж