Беларуская Служба

Вялікая чыстка ў Еўропе: Расія губляе свае НПЗ 

10.11.2025 08:42
Страта кантролю над еўрапейскімі НПЗ і абмежаванне экспарту могуць скараціць даходы Расіі ад нафты і газу на 30%. Гэта сур’ёзны ўдар па бюджэце краіны, якая ўжо сутыкнулася з дэфіцытам паліва.
      ,
Дэрусіфікацыя еўрапейскай энергетыкі стала не толькі палітычным, але і эканамічным ударам па МасквеSdancuo/CC BY-SA 3.0 RS/Wikimedia Commons

Пад пагрозай другасных амерыканскіх санкцый Еўропа пачала маштабны працэс «дэрусіфікацыі» тамтэйшых НПЗ і спадарожнікавай інфраструктуры. Краіны адна за адной прымушаюць расійскія кампаніі прадаваць свае долі ў еўрапейскіх прадпрыемствах, у тым ліку, у мясцовых НПЗ. Часу застаецца мала — санкцыі ЗША пачнуць дзейнічаць 21 лістапада,  — пішуць на партале money.pl.

22 кастрычніка Вашынгтон увёў санкцыі супраць найбуйнейшых расійскіх кампаній «Раснафта» і «Лукойл», а таксама іх 34 даччыных структур. Разам яны забяспечваюць каля паловы ўсяго расійскага экспарту нафты — больш за 2,2 мільёна барэляў у дзень. У выніку пад санкцыямі апынулася да 70%  расійскай нафтавай галіны.

Ужо цяпер шэраг дзяржаў, у тым ліку Індыя і Кітай, абвясцілі пра скарачэнне закупаў расійскай нафты. Асаблівую ўвагу прыцягнула сітуацыя ў Сербіі: пасля шматразовых адтэрмінаванняў 9 кастрычніка ўступілі ў сілу санкцыі супраць сербскай нафтавай кампаніі NIS, кантраляванай «Газпрамам». Масква страціла важны інструмент уплыву на Балканах.

Падобныя працэсы адбываюцца ў Германіі, Нідэрландах, Балгарыі і Румыніі, Малдове. Улады ў Сафіі рыхтуюцца канфіскаваць НПЗ «Лукойла» у Бургасе, а Берлін разглядае магчымасць поўнай нацыяналізацыі актываў «Раснафты».

Эксперты адзначаюць, што страта кантролю над еўрапейскімі НПЗ і абмежаванне экспарту могуць скараціць даходы Расіі ад нафты і газу на 30%. Гэта сур’ёзны ўдар па бюджэце краіны, якая ўжо сутыкнулася з дэфіцытам паліва.

Дэрусіфікацыя еўрапейскай энергетыкі стала не толькі палітычным, але і эканамічным ударам па Маскве, што паскарае заняпад яе ўплыву на кантыненце ды абмяжоўвае магчымасці працягваць злачынную агрэсію супраць Украіны.

эж