Кампанія Electromobility Poland прэтэндуе на 4,5 млрд злотых з Краёвага плана аднаўлення (KPO) для стварэння хаба электрамабільнасці і будаўніцтва завода аўтамабіляў у Яважне. Цяпер пачнуцца перамовы наконт канчатковай інвестыцыйнай дамовы, піша Business Insider Polska.
Izera – гэта пакуль нерэалізаваны праект польскага брэнда электрамабіляў ад кампаніі ElectroMobility Poland.
«У конкурсе Інструмента падтрымкі нізкавуглероднай эканомікі быў вызначаны рэйтынгавы спіс, у якім знаходзяцца два суб’екты: PowerUp Hydro Tech і Electromobility Poland. Наступным этапам стане пачатак перамоў па ўмовах капітальнага ўдзелу», – паведаміў Нацыянальны фонд аховы навакольнага асяроддзя.
Гэта папярэдні этап да канчатковай інвестыцыйнай дамовы, якая будзе азначаць выдзяленне сродкаў. Выплата павінна была адбыцца да канца гэтага года. Аднак урад вядзе перамовы з Бруселем пра перанос гэтага тэрміну.
Пра тое, што змяшчаецца ў заяўцы, расказваў кіраўнік Izera Томаш Кендзерскі ў інтэрв’ю для Business Insider у ліпені гэтага года. Ён падкрэсліваў, што абсяг праекта выходзіць далёка за рамкі аднаго толькі завода: «Мы распрацавалі комплексную дзесяцігадовую праграму, у межах якой таксама ўзнікне цэнтр даследаванняў і распрацовак і еўрапейскі брэнд электрамабіляў з галоўным офісам у Польшчы».
«Будаўніцтва ўсяго комплексу зойме 2–3 гады, але першую фазу мы скончым праз 12–18 месяцаў. Пасля гэтага мы зможам выпускаць 150 тысяч электрааўтамабіляў у год», – дадаў Томаш Кендзерскі.
Праект будзе рэалізаваны ў форме сумеснага прадпрыемства. Партнёрам павінен стаць адзін з кітайскіх аўтамабільных гігантаў. На ранніх этапах праекта была падпісана дамова з Geely – канцэрнам, якому належыць, між іншым, Volvo. Як паведамляў Business Insider, кампанія мае таксама падпісаны ліст аб намерах з кітайскім канцэрнам Chery Automobile – уладальнікам брэндаў Omoda і Jaecoo.
вх