Беларуская Служба

Польшча і Чэхія — лідары па тэмпах адмовы ад расійскага газу

25.11.2025 16:33
Караль Наўроцкі прапанаваў чэхам мадэль, паводле якой у найбліжэйшыя гады, Польшча здольная стаць энергетычным хабам для распаўсюджвання газу LNG у рэгіёне.
«Газпрам»Shutterstock.com/BalkansCat

Польшча і Чэхія сёння з’яўляюцца лідарамі Еўрапейскага Саюза ў справе поўнай адмовы ад паставак расійскага газу. Пра гэта пасля сустрэчы з прэзідэнтам Чэхіі Пэтрам Паўлам заявіў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі, якая адбылася ў Празе, 24 лістапада, — чытаем на партале energetyka24.com.  Паводле польскага лідара, абедзве краіны разглядаюць Расію як галоўную пагрозу бяспецы на еўрапейскім кантыненце.

Выступаючы на прэс-канферэнцыі ў чэшскай сталіцы, Наўроцкі падкрэсліў, што дыялог з партнёрамі з ЗША і дзяржавмі Цэнтральнай Еўропы паказвае: працэс энергетычнай незалежнасці, які Польшча і Чэхія ўжо прайшлі, чакае і іншыя краіны ЕС — пры падтрымцы Варшавы і Вашынгтона. Прэзідэнт Польшчы таксама паведаміў, што прапанаваў  чэшскаму калегу мадэль, паводле якой у найбліжэйшыя гады, а магчыма і дзесяцігоддзе, Польшча здольная стаць энергетычным хабам для распаўсюджвання газу LNG у рэгіёне.

Польскі лідар адзначыў, што фарматы рэгіянальнага супрацоўніцтва — Вышаградская група і Ініцыятыва трох мораў, у склад якіх уваходзяць Польшча і Чэхія, — маюць выразны патэнцыял развіцця. Паводле прагнозаў, да 2030 года ВУП краін Ініцыятывы трох мораў можа вырасці на 35%.

Падчас сустрэчы бакі таксама абмеркавалі неабходнасць павелічэння выдаткаў на абарону. Прэзідэнт Петр Павел назваў адносіны паміж дзвюма краінамі стратэгічнымі і нагадаў, што Польшча з’яўляецца другім па значэнні гандлёвым партнёрам Чэхіі. Чэшскі лідар падкрэсліў супадзенне пазіцый Варшавы і Прагі ў ацэнцы вайны ва Украіне і пагроз, якія зыходзяць з Расіі. Паводле Павела, усё больш чэшскіх турыстаў абіраюць для адпачынку Польшчу, у тым ліку бераг Балтыйскага мора.

эж