Польская нацыянальная авіякампанія LOT цяпер знаходзіцца на добрым шляху да паглынання чэшскага авіяперавозчыка Smartwings. Паводле звестак аўтарытэтнага выдання Dziennik Gazeta Prawna, такая здзелка дазволіла б палякам істотна ўмацаваць свае пазіцыі ў рэгіёне перад пачаткам працы Цэнтральнага камунікацыйнага порта (CPK), які плануецца праз сем гадоў.
Як адзначаецца ў газеце, LOT лічыцца найбольш сур’ёзным прэтэндэнтам на набыццё Smartwings. Галоўным уладальнікам чэшскай кампаніі з’яўляецца мільярдэр Іры Сімане. Хаця да актываў Smartwings праяўляюць цікавасць таксама нямецкія Discovery і турэцка-нямецкія SunExpress, эксперты мяркуюць, што Еўрапейская камісія наўрад ці адобрыць іх удзел у набыцці чэшскай кампаніі. У Бруселі асцерагаюцца, што гэта прывяло б да празмернага ўзмацнення пазіцый групы Lufthansa на еўрапейскім рынку.
У артыкуле падкрэсліваецца, што ў апошнія тыдні перамовы аб набыцці чэшскага авіяперавозчыка значна паскорыліся. Пры гэтым ні Міністэрства інфраструктуры Польшчы, ні кіраўніцтва LOT пакуль не даюць афіцыйных каментароў наконт ходу перамоў.
Паводле крыніц выдання Dziennik Gazeta Prawna, польскі бок разлічвае пацвердзіць здзелку ўжо да канца бягучага года. Зараз LOT чакае канчатковага вызначэння партнёраў у Празе. У выпадку паспяховага выніку, паглынанне можа стаць важным стратэгічным крокам, які ўзмоцніць ролю польскіх нацыянальных авіяліній і забяспечыць ім канкурэнтныя перавагі напярэдадні адкрыцця новага авіяцыйнага хаба ў Польшчы.
эж