Беларуская Служба

Еўрапейская камісія дазволіла дзяржаўнае фінансаванне атамнай электрастанцыі ў Польшчы

09.12.2025 12:47
Пачатак будаўніцтва першага рэактара запланаваны на 2028 год, а першы блок павінен быць завершаны ў 2035 годзе.
 .
Атамная электрастанцыя. Ілюстрацыяфота: Pixabay.com/JamesQube

Еўрапейская камісія ўхваліла фінансаванне атамнай электрастанцыі ў Польшчы. Гаворка ідзе пра дзяржаўную дапамогу, якая ацэньваецца прыкладна ў 60 мільярдаў злотых (14 мілярдаў еўра). Сейм (ніжняя палата польскага парламента) яшчэ 20 лютага прыняў законапраект аб выдзяленні гэтай сумы з дзяржбюджэту на будаўніцтва першай атамнай электрастанцыі ў Польшчы.

Дзяржаўную датацыю для кампаніі «Польскія атамныя электрастанцыі», якая будзе займацца будаўніцтвам перашай у Польшчы АЭС, павінна была дазволіць Еўрапейская камісія.

Эксперт па энергетычным сектары Войцех Якубік адзначыў, што гэтае рашэнне было неабходным для завяршэння перамоваў з амерыканцамі па будаўнічым кантракце. Цяпер можна будзе яго падпісваць.

— Гэта чарговы этап для фактычнага пачатку будаўніцтва польскай АЭС. Фінансавае мадэляванне было складзена такім чынам, каб праект быў прыбытковы і працаваў на рыначных умовах пры дзяржаўнай падтрымцы. Таму патрабавалася рашэнне Еўракамісіі. У 2026 годзе запланавана падпісанне кантракту. У нас цяпер апошні этап перамоваў.

Ухваленне фінансавання АЭС - гэта поспех для Польшчы, кажа Войцех Якубік.

— Падтрымка Еўракамісіі для гэтага пректа — гэта важны пасыл для тых, хто казаў, што па эканамічных ці іншых прычынах не трэба інвеставаць у атамную энергетыку. Тое, што адбылося лічым поспехам гэтага і папярэдняга ўрадаў.

Першая польская атамная электрастанцыя будзе пабудавана на ўзбярэжжы Балтыйскага мора ў Памераніі (Любятова-Капаліна). Пачатак будаўніцтва першага рэактара запланаваны на 2028 год, а першы блок павінен быць завершаны ў 2035 годзе. Чакаецца, што атамная энергетыка стане важным элементам польскага энергетычнага сектара і адыграе вырашальную ролю ў энергетычнай трансфармацыі Польшчы.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі