Беларуская Служба

Банкі гатовыя крэдытаваць будаўніцтва першай польскай АЭС

16.12.2025 15:07
Агульны кошт будаўніцтва першай польскай АЭС ацэньваецца ў 180 мільярдаў злотых (амаль 43 мільярды еўра).
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo:geralt /pixabay.com/CC0 Public Domain

Банкі гатовыя крэдытаваць будаўніцтва першай польскай АЭС. Нагадваем, на мінулым тыдні, Еўракамісія пагадзілася на тое, каб рэалізацыю праекта атамнай электрастанцыі ў краіне падтрымала дзяржава.



Кошт дзяржаўнай дапамогі складзе прыблізна 60 мільярдаў злотых (больш за 14 мільярдаў еўра).

Намеснік міністра энергетыкі і ўрадавы ўпаўнаважаны па пытаннях стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Войцех Врохна (Wojciech Wrochna), падкрэслівае, што згода Бруселі мае для польскай ядзернай энергетыкі вырашальнае значэнне:

- Згода Еўракамісіі на дапамогу з боку дзяржавы – адзін з найважнейшых элементаў згаданага праекта. Без яе – падтрымка з боку дзяржавы немагчымая, а без дапамогі – немагчымая рэалізацыя ўсяго праекта.

Агульны кошт інвестыцыі ацэньваецца ў 180 мільярдаў злотых (амаль 43 мільярды еўра). Прыблізна 120 мільярдаў злотых( больш за 28,5 мільярда еўра) паступіць ад прыватных інвестараў.

Генеральны дырэктар Польскіх атамных электрастанцый Марэк Вошчык (Marek Woszczyk), кажа, што менавіта таму ён задаволены зацікаўленнем з боку банкаў:

- Гэта станоўчая інфармацыя, паколькі ўступныя прапановы бяруць пад увагу значна большыя сродкі, чым нам патрэбныя. Гаворка ідзе пра тое, мы атрымалі дэкларацыі на больш чым 120 мільярдаў злотых. Канчатковыя пагадненні аб фінансавых пазыках будуць падпісаны ў 2028 годзе.

Першая польская атамная электрастанцыя будзе пабудавана ў Памераніі (у Любятаве-Капаліне). Пачатак будаўніцтва першага рэактара плануецца на 2028 год, а першы блок павінен быць здадзены ў эксплуатацыю ў 2035 годзе.

Чакаецца, што атамная энергетыка стане важным элементам польскага энергетычнага балансу і адыграе вырашальную ролю ў энергетычных пераўтварэннях у краіне.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі