Беларуская Служба

37 % палякаў трацяць на падарункі ад 20 да 40 % свайго «каляднага» бюджэту

24.12.2025 07:30
Польскія спажыўцы імкнуцца захоўваць баланс паміж коштам падарункаў і іншымі выдаткамі, звязанымі са святамі, найперш на ежу і напоі.
zdj.
zdj.Shutterstock/Evgeny Atamanenko

Выдаткі на калядныя падарункі забіраюць істотную частку святочнага бюджэту палякаў. Як сведчыць дадзеныя сацыялагічнага апытання, каля 37 % спажыўцоў плануюць набыццё падарункаў у межах ад 20 да 40 % ад усёй сумы, прызначанай на святкаванне Божага Нараджэння, чытаем на партале wnp.pl.

Падчас даследавання рэспандэнтам прапанавалі вызначыць, якую долю іх святочных выдаткаў складаюць падарункі. Усяго было прапанавана дзесяць варыянтаў адказаў, у тым ліку восем працэнтных дыяпазонаў — ад менш як 10 % да больш як 70 %.

Згодна з вынікамі апытання, найбольш часта ўдзельнікі апытання называлі варынты 20–30 % і 30–40 % — адпаведна 18,5 % і 18,2 %. На думку прадстаўніка кансалтынгавай фірмы Shopfully Poland Роберта Бегая, гэтыя лічбы паказваюць, што для значнай часткі палякаў падарункі з’яўляюцца важным, але не дамінуючым элементам «каляднага» бюджэту.

Эксперт адзначыў, што польскія спажыўцы імкнуцца захоўваць баланс паміж коштам падарункаў і іншымі выдаткамі, звязанымі са святамі, найперш на ежу і напоі. Паводле эксперта, ужо шмат гадоў палякі ўспрымаюць падарункі як істотны, але не галоўны артыкул святочных выдаткаў. Перавага адказаў у сярэдніх працэнтных дыяпазонах сведчыць пра стабільны і рацыянальны падыход да пакупак, а таксама пра імкненне планаваць бюджэт і кантраляваць выдаткі ва ўмовах росту кошту жыцця.

Даследаванне таксама паказала, што найбольш распаўсюджаная мадэль паводзінаў палякаў — спачатку вызначыць агульны калядны бюджэт, а ўжо потым вылучыць з яго частку на падарункі. У выніку на іх звычайна прыпадае каля 20–35 % усіх святочных выдаткаў.

Паводле апытання, 12,9 % рэспандэнтаў трацяць на падарункі 40–50 % бюджэту, 11,3 % — 10–20 %, а 8,4 % — 50–60 %. Менш як 10 % выдаткоўваюць 6,3 % удзельнікаў, 60–70 % — 4,4 %, а больш за 70 % — 3,3 %. Яшчэ 10,2 % не змаглі вызначыцца з адказам, а 6,6 % увогуле не купляюць падарункаў.

Даклад падрыхтаваны на аснове сацыялагічнага апытання, праведзенага UCE Research і Shopfully Poland сярод 1021 жыхара Польшчы ва ўзросце ад 18 да 80 гадоў.

эж

Польшча – сусветны лідар па вытворчасці шкляных ёлкавых цацак

22.12.2025 11:03
Польскія вырабы канкуруюць не па цане, як кітайскія, але па якасці.