Сёння (30 снежня) у больш чым 160 месцах па ўсяе Польшчы запланаваныя пратэсты фермераў, супраць пагаднення ЕС аб свабодным гандлі з краінамі-членамі Меркасур.
Польскія фермеры асцерагаюцца, што пасля ўступлення пагаднення ў сілу рынак будзе запоўнены таннымі прадуктамі харчавання з краін з Лацінскай Амерыкі, што, у спалучэнні з адсутнасцю рэальнай абароны фермераў, прывядзе да банкруцтва многіх сямейных фермерскіх гаспадарак.
Адзін з арганізатараў пратэсту, Станіслаў Барна (Stanisław Barna), супакойваў у размове з грамадскім Польскім радыё, што на гэты раз фермеры блакаваць дарогаў не плануюць:
- Ёсць такі ціск, каб не блакаваць дарогаў, але прадэманстраваць супраціў. Таму з 10.00 па 14.00 мы будзем стаяць на бачных месцах з транспарантамі: «Стоп Меркасур», «Стоп дамове» «Мы супраць».
Паводле польскіх фермераў, прадукты харчавання, імпартаваныя з Лацінскай Амерыкі, будуць мець больш нізкія стандарты якасці, чым польскія, сярод іншага, з-за выкарыстання сродкаў абароны раслін. Яны таксама сумняваюцца ў якасці гэтых прадуктаў:
- Калі гэтыя прадукты харчавання будуць дастаўляцца з іншага боку свету, то бок яны будуць пераадольваць 10 000 кіламетраў і больш, то якія будуць спосабы іх захавання, час загрузкі, час самой дастаўкі іг.д. Гэта ўжо не будуць свежыя прадукты, як нашыя.
Пагадненне з Меркасур павінна было быць падпісанае ў снежні 2025 года. У цяперашні час гаворка ідзе пра сярэдзіну на студзеня 2026 года. Яго мэтай з'яўляецца стварэнне зоны свабоднага гандлю паміж Еўрапейскім Саюзам і краінамі Лацінскай Амерыкі шляхам ліквідацыі тарыфаў і гандлёвых барʼераў. Чакаецца, што дамова будзе ўключаць так званыя ахоўныя механізмы, якія можна выкарыстоўваць для прадухілення празмернага імпарту прадукцыі з краін-членаў Меркасур.
Эканамічны саюз Меркасур – гэта рэгіянальная інтэграцыйная арганізацыя, створаная ў 1991 годзе для садзейнічання эканамічнаму супрацоўніцтву паміж краінамі Паўднёвай Амерыкі. У ейны склад уваходзяць Аргенціна, Бразілія, Парагвай, Уругвай.
IAR/аз