З пачатку 2026 года ў польскіх крамах будзе больш упакоўкі, ахопленай сістэмай дэпазіту, заявіла намесніца міністра клімату і навакольнага асяроддзя Аніта Савіньска (Anita Sowińska).
Вытворцы, якія далучыліся да сістэмы, змогуць уводзіць на рынак толькі ўпакоўку з адмысловай паметкай:
- У крамах надалей будуць упакоўкі без паметкі і гэта нармальная справа. Згаданая сістэма абапіраецца на фінансавую інтэнсіфікацыю, то бок з 1 студзеня 2026 года для вытворцы і імпарцёра напояў будзе ўведзеная дадатковая аплата.
Гэтыя зборы павінны заахвоціць вытворцаў і імпарцёраў далучыцца да ўведзенай 1 кастрычніка 2025 года ў Польшчы сістэмы дэпазіту. Дадзеныя міністэрства паказваюць, што ў Польшчы працуе больш за 28 000 пунктаў збору ўпакоўкі:
- Сістэма развіваецца, як мы гэта прадугледжвалі. Пасля спажыцця напою праверце, ці ўпакоўка падпадае пад сістэму дэпазіту. Нагадваю, сістэма ахоплівае выключна тыя ўпакоўкі, якія пазначаныя адмысловай паметкай.
Нагадваем, згаданы сімвал – гэта прастакутнік са стрэлкамі, унутры якога выразна напісана, колькі складае дэпазіт.
Сістэма дэпазіту на ўпакоўку ў Польшчы пакуль распаўсюджвацца на алюмініевыя банкі аб'ёмам да аднаго літра і пластыкавыя бутэлькі абʼёмам да 3 літраў, за якія дэпазіт складзе 50 грошаў, а таксама на шматразовыя шкляныя бутэлькі абʼёмам да 1,5 літра, за якія дэпазіт складае 1 злоты.
Каб атрымаць дэпазіт упакоўку з сімвалам дэпазіту трэба здаць у пункт збору, напрыклад, у дыспенсер для бутэлек або ў краме на касе. Чэк не абавязковы. Упакоўка павінна быць пустой і непашкоджанай, этыкетка з сімвалам дэпазіту таксама павінна быць непашкоджанай.
IAR/аз