Паводле ацэнак эканамістаў, у 2025 годзе польская эканоміка была адной з самых хуткарослых у Еўропе. Эксперты адзначаюць, што барацьба з падвышанай інфляцыяй, якая доўжылася амаль тры гады, па сутнасці, скончылася.
Эканаміст Марэк Зубер чакае, што працэнтныя стаўкі яшчэ крыху знізяцца ў 2026 годзе.
— Зніжэнне працэнтных ставак, якое адбылося за 2025 год — гэта быў вельмі важны крок, ён відавочна здымае нагрузку з пазычальнікаў і арандатараў, і, несумненна, дапамагае эканоміцы. Таму ў цэлым, польская эканоміка знаходзіцца ў сапраўды добрым стане, паскараецца. Інфляцыя запаволілася да амаль чаканага ўзроўню. Узровень інфляцыі, які мы назіраем цяпер, можа яшчэ крыху павялічыцца ў пачатку 2026 года.
За ўвесь 2025 год сярэдняя спажывецкая інфляцыя склала 3,6%, столькі ж, колькі і ў 2024 годзе. Для параўнання, у 2023 годзе спажывецкія цэны выраслі на 11,4%, а ў 2022 годзе — на 14,4%.
Аднак, на думку эканіста Марэка Зубера, занепакоенасць выклікае стан дзяржаўных фінансаў Польшчы.
— На маю думку, у 2025 годзе дэфіцыт сектара дзяржаўных фінансаў дайшоў да рэкорднага ўзроўню. Спадзяюся, што ў новым годзе рост унутранай запазычанасці запаволіцца. У 2026 годзе чакаецца, што дзяржаўны доўг Польшчы перавысіць 53,8% ВУП (паводле нацыянальнай методыкі) і 66,8% ВУП (паводле методыкі ЕС ESA2010), што азначае перавышэнне дапушчальнага ў ЕС парога дэфіцыту - 60% ВУП. Гэта дрэнная тэндэнцыя, але ў цэлым, польская эканоміка паскорыцца. У Польшчы ёсць шанец на рост ВУП вышэй за 4,5%. Я лічу, што дынаміка спажывання будзе крыху ніжэйшай, але ўсё яшчэ высокай, і што значны ўнёсак у эканамічны рост нарэшце зробяць інвестыцыі.
На думку Марэка Зубера, чаканне паляпшэння эканамічнай сітуацыі Польшчы звязанае з паляпшэннем сітуацыі ў галоўнага гандлёвага партнёра краіны - Германіі, і з больш высокімі вынікамі польска-нямецкага гандлю.
IAR/яс