Беларуская Служба

Польшча імкнецца стаць рэгіянальным газавым хабам

13.01.2026 11:50
Краіна хоча стаць цэнтрам паставак амерыканскага звадкаванага прыроднага газу, у тым ліку, у Славакію.
Аўдыё
  • Польшча імкнецца стаць рэгіянальным газавым хабам
ГазMagnascan/pixabay.com/CC0 Public Domain

Больш за 22 мільярды кубічных метраў газу – транспартаваў у 2025 годзе аператар газатранспартнай сістэмы Gaz-System. 2 мільярды з іх – гэта пастаўкі ва Украіну. Гэта рэкордная колькасць, кажа Агнешка Гласнеўска (Agnieszka Głośniewska) з Gaz-System:

- У нас высокая прапускная здольнасць, устойлівая транспартная інфраструктура. Нават ва ўмовах вельмі інтэнсіўнага спажывання газу, напрыклад, з-за працяглых маразоў, мы можам стабільна і бяспечна пасылаць гэтую колькасць газу, а нават значна больш – да 170 мільёнаў кубаметраў, то бок на 70% больш, чым цяпер.

Прадстаўніца Gaz-System дадала, што ў 2025 годзе кампанія працягвала рэалізацыю інвестыцый, якія маюць вырашальнае значэнне для энергетычнай бяспекі краіны:

- Перш за ўсё, гэта будаўніцтва плавучага тэрмінала ў Гданьскім заліве, а таксама газаправодаў для размеркавання газу па ўсёй Польшчы. Пакуль усё ідзе па плане. Мы таксама завяршылі тры іншыя ключавыя інвестыцыі ў трубаправоды, пашырылі тэрмінал у Свінауйсці, які працуе на поўную магутнасць.

Польшча можа стаць газавым хабам для ўсяго рэгіёна, пераконвалі ўчора ў Браціславе прадстаўнікі польскага ўрада. Менавіта пастаўкі газу былі адной з тэм польска-славацкіх перамоваў аб супрацоўніцтве ў галіне энергетыкі.

Славакія застаецца ў значнай ступені залежнай ад расійскага газу і ў цяперашні час распрацоўвае нацыянальны план дыверсіфікацыі паставак, каб падрыхтавацца да забароны ЕС на імпарт газу з Расіі.

Міністр энергетыкі Польшчы Мілаш Матыка (Miłosz Motyka) прызнаў, што існуючае газавае злучэнне паміж Польшчай і Славакіяй можна выкарыстоўваць лепш:

- Калі гаворка ідзе пра будаўніцтва газавага хаба, выкарыстанне гэтай інфраструктуры будзе ключавым элементам. Безумоўна, тое, што адбываецца сёння на еўрапейскім рынку – дыверсіфікацыя паставак, неабходная для спынення імпарту газу з Расіі – паказвае, што Польшча – самы танны, выгадны і бяспечны кірунак паставак газу ў Славакію.

У склад польскай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства энергетыкі, кампаніяў Gaz-System, Orlen і PGE Polska Grupa Energetyczna. Польска-славацкія перамовы таксама закраналі супрацоўніцтва ў галіне атамнай энергетыкі.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі