Германія апынулася ў складанай сітуацыі: з-за маразоў і недастатковых запасаў газу краіне даводзіцца тэрмінова выходзіць на дарагі рынак звадкаванага прыроднага газу (LNG). Берлін сам ініцыяваў паслабленне правілаў ЕС, якія раней патрабавалі запаўняць газасховішчы не менш як на 90% да лістапада. Новыя нормы ўвялі гнуткасць, але ў выніку Германія не дасягнула нават узроўню 80%, чытаем на партале biznesalert.pl.
Максімальнае запаўненне нямецкіх сховішчаў увосень склала толькі 76,40%, а ўжо 1 снежня — 66,74%. З надыходам маразоў сітуацыя пагоршылася: 8 студзеня запасы ўпалі да 49,20%, а 26 студзеня — да гістарычнага мінімуму 35,97%.
«Кантракты на спотавым рынку заўсёды даражэйшыя, бо кошты залежаць ад сітуацыі і страху перад холадам», — тлумачыць эксперт з Горна-металургічнай акадэміі імя Станіслава Сташыца ў Кракаве Томаш Влодэк. Паводле яго, Германія цяпер робіць стаўку на кароткатэрміновыя закупкі LNG, хаця гэта невыгадна.
Сёння тэрміналы LNG у краіне ўжо загружаныя прыкладна на 60%, але маюць тэхнічны рэзерв. Аднак гэта азначае рост выдаткаў і ціск на эканоміку. Для параўнання: сярэдні ўзровень запасаў у ЕС складае каля 44%, а ў Польшчы — 68,09%. «Польшча падрыхтавалася да зімы значна лепш», — адзначае Влодэк.
Такім чынам, жаданне зэканоміць прывяло ФРГ да дарагіх і экстраных закупак сыравіны — і стала ўрокам для ўсёй Еўропы.
эж