Беларуская Служба

Ці алкаголь знікне з паліцаў у крамах? У Польшчы прапануюць памяняць спосаб продажу алкагольных напояў

03.02.2026 14:30
Аўтары прапановы пераконваюць, што такі спосаб продажу зніжае рызыку кампульсіўных пакупак і падтрымлівае тых, хто змагаецца з залежнасцю.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. blue2finger/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ці алкаголь павінен знікнуць з паліцаў у крамах і на аўтазапраўках? Увядзенне такога спосабу продажу алкаголю прапануе Польская арганізацыя нафтавай прамысловасці і гандлю.

Старшыня арганізацыі Лешак Вівала (Leszek Wiwała) паясняе, што гэта новы стандарт продажу алкаголю:

- Ідэя заключаецца ў тым, каб абмежаваць дэманстрацыю прадукту, то бок і яго ўздзеянне. Напрыклад, алкаголь можна змяшчаць у шафах. Кліент будзе мець доступ да інфармацыі пра асартымент і цану, але непасрэдна не будзе бачыць тавару. Ён будзе мець доступ да шафы з алкаголем сам, або за пасярэдніцтвам прадаўшчыка. Сутнасць у тым, каб алкаголь не быў бачны на паліцах.

Лешак Вівала пераконвае, што такі спосаб продажу зніжае рызыку кампульсіўных пакупак і падтрымлівае тых, хто змагаецца з залежнасцю ад алкаголю:

- Размяшчэнне тавару ў краме мае вялікае значэнне. Напрыклад, тавар змешчаны на канцы паліцы ці ля касы павялічвае кампульсіўныя пакупкі – то бок продаж расце. У выпадку моцнага алкаголю, гаворка ідзе пра рост на ўзроўні 46 працэнтаў. Дэманстрацыя алкаголю – гэта стымул, які павялічвае рызыку неадказных пакупак, то бок прычыняецца да росту праблемаў, звязаных з алкаголем у грамадстве.

У канцы мінулага года ў Міністэрства аховы здароўя была пададзена петыцыя аб увядзенні так званага продажу алкаголю «без дэманстрацыі» ва ўсіх гандлёвых кропках.

Згодна з дадзенымі Польскай арганізацыі нафтавай прамысловасці і гандлю, алкаголь штогод з'яўляецца прычынай да 35 000 смяротных зыходаў. Адзін мільён чалавек у Польшчы залежныя ад алкаголю, а 250 000 праходзяць лячэнне ад алкагалізму. Паводле ацэнак, 3-5 мільёнаў палякаў пʼюць рызыкоўна.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

Чарговы горад у Вармінска-Мазурскім ваяводстве ўводзіць забарону на продаж алкаголю ў начны час

13.01.2026 13:30
У 2018-2024 гадах прыблізна 180 муніцыпалітэтаў у Польшчы ўвялі начную забарону на продаж алкаголю.