Беларуская Служба

Крамы з патрыманымі таварамі зноў у модзе ў Польшчы

11.02.2026 10:45
Рынак продажу ўжываных прадметаў у Польшчы можа расці, прыкладна, на 15% штогод, прагназуюць аналітыкі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Markus Spiske/pixabay.com/CC0 Public Domain

Упершыню за 17 гадоў у Польшчы расце колькасць крамаў з патрыманымі таварамі. Аднак асноўным рухавіком рынку з’яўляюцца інтэрнэт-крамы, дзе продажы такіх тавараў выраслі на 25 працэнтаў за тры гады.

Паводле выдання Rzeczpospolita, да 2029 года ўжываным будзе кожны трэці прадмет адзення, набыты ў Польшчы. Газета спасылаецца на даследаванне рынку, праведзенае аналітычнай кампаніяй Dun & Bradstreet.

«Летась колькасць стацыянарных крам з патрыманымі таварамі павялічылася ўпершыню за 17 гадоў – рынак вырас на больш за 400 прадаўцоў, і цяпер іх колькасць складае 14 200», – паведамляе газета.

«Асноўны ўплыў на рост рынку маюць рознічныя гандляры адзеннем, у тым ліку тыя, якія працуюць у інтэрнэце. У той жа час расце продаж ужываных кніг, пласцінак і ўжыванай мэблі. Скарачаецца колькасць неспецыялізаваных кампаніяў», – каментуе Тамаш Стажык з Dun & Bradstreet.

Бум пацвярджаюць і платформы продажаў. «За апошнія тры гады продажы патрыманых тавараў на OLX павялічыліся на 25%, і рынак можа працягваць расці прыкладна на 15% штогод», – кажа прэс-сакратар платформы OLX Каміль Шаблоўскі.

На яго думку, ужываная электроніка адыгрывае ўсё больш важную ролю – большасць палякаў заяўляюць пра жаданне даць сваім электронным прыладам «другое жыццё».

аз