Беларуская Служба

Трамп не пераймаецца цэнамі на газ, аднак ЗША прынялі рашэнне па расійскай нафце

06.03.2026 10:15
Міністр фінансаў ЗША Скот Бесэнт абвясціў, што ЗША далі індыйскім нафтаперапрацоўчым заводам 30-дзённы дазвол на куплю расійскай нафты.
 Shell  -
Запраўка Shell у Лос-АнджэлесеPAP/EPA/CHRIS TORRES

Тым часам у інтэрв'ю Reuters Дональд Трамп запэўніў, што яго не турбуе рост цэн на энерганосьбіты з-за амерыкана-ізраільскай вайны з Іранам, піша Rzeczpospolita.

Чаму ЗША дазваляюць Індыі купляць расійскую нафту?

— Каб забяспечыць стабільны паток нафты на сусветны рынак, Міністэрства фінансаў выдае часовы 30-дзённы дазвол індыйскім нафтаперапрацоўчым заводам на куплю расійскай нафты, — працягваецца ў паведамленні. — Гэтая наўмысная кароткатэрміновая мера не дасць значнай фінансавай выгады расійскаму ўраду, бо дазваляе толькі здзелкі, звязаныя з купляй нафты, якая ўжо была затрымана ў моры, — піша Бесэнт.

Гэта азначае, што Індыя можа купляць толькі нафту, якая ўжо перавозіцца так званым ценявым флотам, то бок танкерамі, якія перавозяць санкцыйную нафту з Расіі.

— Індыя зʼяўляецца ключавым партнёрам ЗША, і мы чакаем, што Нью-Дэлі павялічыць свае закупкі амерыканскай нафты. Гэты часовы крок (пагадненне аб куплі Індыяй расійскай нафты – рэд.) дапаможа зняць ціск з боку Ірана, які спрабуе ўтрымаць у закладніках сусветны энергетычны рынак, — падсумаваў Бесэнт.

Гаворка пра блакаду Іранам Армузскага праліва, праз які праходзіць прыкладна 20 адсоткаў марской нафты. ЗША абвясцілі, што пачнуць суправаджаць судны, якія праходзяць праз праліў, але толькі тады, калі гэта будзе аператыўна магчыма.

У сваю чаргу, прэзідэнт Дональд Трамп у інтэрвʼю Reuters заявіў, што яго не турбуе рост цэн на бензін на амерыканскіх запраўках, дадаўшы, што яго цяперашнім прыярытэтам зʼяўляецца ваенная аперацыя ЗША супраць Ірана.

— Я не хвалююся з гэтай нагоды, — сказаў прэзідэнт ЗША, адказваючы на пытанне аб росце цэн на бензін у ЗША. — Яны рэзка ўпадуць, калі гэта скончыцца, і калі яны падымуцца, то падымуцца, але гэта (вайна з Іранам) значна важней, чым нязначнае павышэнне цэн на бензін, — дадаў ён.

Прэзідэнт ЗША запэўніў, што не мае намеру выкарыстоўваць Стратэгічны нафтавы рэзерв, найбуйнейшы такі рэзерв у свеце, і што ён упэўнены, што Іран не зможа эфектыўна блакаваць Армузскі праліў, таму што іранскі флот «адпачывае на дне мора».

Аднак амерыканскія палітолагі адзначаюць, што працяглы рост цэн на бензін можа паўплываць на вынікі Рэспубліканскай партыі на прамежкавых выбарах, якія адбудуцца гэтай восенню. На коне стаіць здольнасць Рэспубліканскай партыі захаваць сваю большасць у абедзвюх палатах Кангрэса.

Нягледзячы на заявы Трампа аб цэнах на паліва ў ЗША, кіраўнік апарата Белага дома Сьюзі Уайлз і міністр энергетыкі Крыс Райт сустрэліся з кіраўнікамі нафтавых кампаній, каб абмеркаваць спосабы супрацьдзеяння росту цэн, пацвердзіла ў чацвер прэс-сакратар Белага дома Караліна Лівіт.

Першыя заявы Дональда Трампа пасля пачатку атакі ЗША і Ізраіля на Іран 28 лютага паказвалі, што вайна з Іранам можа працягвацца ад чатырох да пяці тыдняў. Аднак на гэтым тыдні міністр абароны Піт Хегсет казаў пра восем тыдняў, а Politico паведаміла, што запыты Цэнтральнага камандавання ў Пентагон паказваюць, што аперацыя супраць Ірана можа працягвацца да 100 дзён.

З пачатку вайны ЗША і Ізраіля з Іранам цэны на нафту выраслі прыкладна на 16 адсоткаў. У ЗША чакалася, што сярэдняя цана бензіну павялічыцца на 27 цэнтаў (каля 96 грошай) за галон (каля 3,8 літра) на працягу тыдня. Сярэдняя цана на нафту ў ЗША ў цяперашні час на 15 цэнтаў вышэйшая, чым калі Трамп пачаў свой другі тэрмін у Белым доме. Падчас перадвыбарчай кампаніі Трамп абяцаў, сярод іншага, перамагчы інфляцыю і знізіць кошт жыцця ў Злучаных Штатах.

Rzeczpospolita/ав