У лютым бягучага года банкі ў Польшчы выдзелілі на 54,1% больш іпатэчных крэдытаў у параўнанні з лютым 2025 года і на 8,5% больш, чым у мінулым месяцы, то бок у студзені, паведаміла Бюро крэдытнай інфармацыі. Сярэдняя сума іпатэчнага крэдыту, выдадзенага ў лютым, склала 454 050 злотых (больш за 106 тысяч еўра), што на 8,6% вышэй, чым год таму.
— Пра спрыяльную сітуацыю на рынку іпатэчных крэдытаў сведчыць агульны памер сумы, на якую яны былі выдадзеныя пазыкі — больш за 10,6 мільярда злотых (амаль 2,5 мільярда еўра). Гэта адзін з найвышэйшых вынікаў у гісторыі, — лічыць аналітык Бюро крэдытнай інфармацыі (Grupy BIK) Вальдэмар Рагоўскі.
Паводле яго, асноўная прычына такой высокай актыўнасці ў гэтым сегменце — гэта, між іншым, павышэнне крэдытаздольнасці, абумоўленае зніжэннем працэнтных ставак і працяглым ростам рэальных даходаў.
У лютым бягучага года было выдадзена на 27,9% больш крэдытаў у растэрміноўку ў параўнанні з лютым 2025 года, аднак зафіксавана адмоўная месячная дынаміка (-15,1%). Паказчык за люты быў вышэйшы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года (+12,5%), але ніжэйшы ў параўнанні з папярэднім месяцам (-0,6%). У той жа час сярэдняя сума выдадзенага крэдыту ў растэрміноўку ў лютым 2026 года склала 2 055 злотых (больш за 480 еўра), што на 12,1% менш у параўнанні з лютым 2025 года.
Паводле Бюро крэдытнай інфармацыі, у лютым на 3,4% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырасла колькасць выдадзеных грашовых крэдытаў. Кошт гэтых крэдытаў павялічыўся на 11,4%.
Тэндэнцыя атрымання грашовых пазыкаў на ўсё большыя сумы набірае абароты. Гэта ў першую чаргу абумоўлена высокімі грашовымі пазыкамі, якія перавышаюць 50 000 злотых (больш за 11 682 еўра). У лютым гэтага года сярэдні кошт выдадзенай грашовай пазыкі перавысіў 29 000 злотых (амаль 6 775 еўра), што з'яўляецца гістарычным максімумам.
Такім чынам, паводле аналітыкаў, існуе высокая верагоднасць таго, што ў гэтым годзе будзе перавышаны барʼер у 30 000 злотых (больш за 7 000 еўра).
PAP/аз