У 2025 годзе ў Польшчу было імпартавана больш за 120 тысяч легкавых аўтамабіляў з краін, якія не ўваходзяць у ЕС, у тым ліку з ЗША, Швейцарыі і Нарвегіі. Між тым, частка з пакупнікоў недаацэньвае мытнага кошту аўтамабіляў, што ўплывае на памер пошліны, акцызу і ПДВ. Ці такія дзеянні маюць сістэмны і мэтанакіраваны характар, задумоўваецца «Dziennik Gazeta Prawna».
Падатковая служба ў Польшчы вырашыла ўзяць пад кантроль імпарцёраў легкавых аўтамабіляў, што пацвярджаюць дадзеныя, прадстаўленыя намеснікам кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Збігневам Ставіцкім.
Паміж 2022 і 2025 гадамі мытныя і падатковыя органы вынеслі 841 рашэнне аб выплаце пратэрмінаваных падаткаў. Узровень супраціву гэтым рашэнням застаецца нязначным, бо падаткаплатнікі падалі толькі 61 апеляцыю. Пра што гэта сведчыць?
Паводле эксперта па мытных пытаннях доктара Ізабэлы Тыміньскай, невялікая колькасць апеляцый сведчыць аб наўмысным характары дзеяння з мэтай заніжэння кошту імпартаваных транспартных сродкаў. Менавіта таму, у ейнай ацэнцы, перад абліччам відавочных доказаў пакараныя прымаюць штрафы і не аспрэчваюць згаданых рашэнняў.
У сваю чаргу старшыня мытнага агенцтва «Customs Clearance Services Poland» Пётр Сянкевіч дэманструе крыху іншы пункт гледжання. Паводле яго, згаданыя лічбы не цалкам адлюстроўваюць сапраўдную сітуацыю на рынку.
Як запэўнівае эксперт, прафесійныя імпарцёры, якія ажыццяўляюць мытнае афармленне ў Польшчы, звычайна добра ведаюць дапушчальныя парогі цэн, што дазваляе ім пазбегнуць канфліктаў з падатковымі органамі.
Паводле Сянкевіча, 841 выпадак недаацэнкі кошту імпартаваных аўтамабіляў у асноўным тычыцца асоб, якія або не ведаюць дзеючых працэдураў, або праяўляюць надзвычайную настойлівасць у сваіх дзеяннях.
Гэтая сітуацыя, у ацэнцы эксперта, паказвае, што, нягледзячы на ўзмацненне жорсткасці сістэмы, усё яшчэ існуе група «заўзятых» падаткаплатнікаў, якія рызыкуюць спрэчкай з Нацыянальнай падатковай адміністрацыяй (поль. KAS), значна недаацэньваючы кошт імпартаваных аўтамабіляў.
аз