Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Міністэрства клімату прапануе памяняць спосаб кампенсацыі за суседства з ветрапаркамі

04.08.2026 14:01
На думку Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя, цяперашнія спосабы кампенсацыі неэфектыўныя.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Janusz Walczak/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя хоча ўвесці правілы, якія абавязвалі б уладальнікаў ветрапаркаў ствараць фонды для фінансавання льгот для мясцовых жыхароў.

Згодна з дзеючым заканадаўствам, кампаніі, якія інвестуюць у ветрапаркі, павінны прадаставіць частку запланаванай магутнасці жыхарам муніцыпалітэта, каб яны маглі выступаць у якасці «віртуальных» прасьюмераў (англ. prosumer) — у гэтым выпадку суб’ектаў, якія прадукуюць і спажываюць электраэнергію.

Аднак, на думку аўтараў законапраекта, гэты механізм занадта складаны. Акрамя таго, ён патрабуе ад жыхароў фінансавага ўзносу  больш за 7 000 злотых (амаль 1 628 еўра) за 1 кВт магутнасці.

 Мэта законапраекта  увесці новы механізм кампенсацыі, які будзе простым і, такім чынам, даступным для жыхароў, якія жывуць паблізу ветрапаркаў. Ён не будзе прадугледжваць ніякіх фінансавых выдаткаў з боку жыхароў,  гаворыцца ў тэксце законапраекта.

Згодна з прапановай міністэрства, інвестар будзе абавязаны стварыць фонд для фінансавання льгот для ўладальнікаў будынкаў і жылых памяшканняў, размешчаных у радыусе 1 000 метраў ад ветрапарка.

Фонд будзе дзейнічаць на працягу ўсяго тэрміну працы ўстаноўкі  да атрымання канчатковага дазволу на знос, што на практыцы азначае прыблізна 25 гадоў. Уладальнік ветрапарка павінен штогод уносіць сродкі ў фонд у памеры 20 000 злотых (больш за 4 651 еўра) за кожны 1 МВт усталяванай магутнасці са штогадовай карэкціроўкай на інфляцыю.

Нявыкарыстаныя цягам года сродкі з фонду будуць перадавацца мясцовым муніцыпалітэтам, каб выгады ад інвестыцыі адчувалі не толькі непасрэдныя суседзі ветрапарка, але ўся гміна.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі