Для астуджвання новай польскай атамнай электрастанцыі будзе выкарыстоўвацца вада з Балтыйскага мора. Старшыня праўлення Польскіх атамных электрастанцый Марэк Вошчык запэўнівае, што дзякуючы гэтаму электрастанцыя не сутыкнецца з праблемамі, якія падчас спякоты ўзнікаюць на некаторых электрастанцыях у Еўропе.
У эфіры Польскага радыё Марэк Вошчык падкрэсліў, што ў адрозненне ад электрастанцый у Венгрыі ці Славеніі польская станцыя не будзе астуджвацца рачной вадой. У гэтых краінах нізкі ўзровень вады падчас хваль спёкі пагражаў абмежаваннем працы, а нават часовым адключэннем рэактараў.
Старшыня праўлення Польскіх атамных электрастанцый дадаў, што ў Польшчы крыніцай астуджвання будзе марская вада:
— Уздоўж узбярэжжа Балтыйскага мора зараз ёсць некалькі электрастанцый — і ў Фінляндыі, і ў Швецыі ёсць такія аб'екты. Гэта атамныя электрастанцыі, якія астуджваюцца балтыйскай, марской вадой, і яны не сутыкаюцца з абмежаваннямі такога тыпу. Вядома, тэарэтычна можна ўявіць, што пацяпленне клімату будзе настолькі моцным, што пэўныя абмежаванні могуць узнікнуць і там. Аднак з усіх аналізаў, якімі мы зараз валодаем і якія праводзім, вынікае, што нам гэта не пагражае.
Першая польская атамная электрастанцыя будзе пабудаваная ў гміне Хочэва на поўначы краіны — у Паморʼі. Запуск першага з трох рэактараў запланаваны на 2036 год.
IAR/яс