Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Што было б, калі б з Польшчы з’ехалі ўсе ўкраінцы?

25.08.2026 15:10
Калі б украінцы з’ехалі, на іх месца трэба было б знайсці іншых супрацоўнікаў, у тым ліку мігрантаў — з Паўднёвай Азіі або Індыі.
Здымак мае ілюстрацыйны характарaccount_deleted/pixabay.com/CC0 Public Domain

Што было б, калі з Польшчы з’ехалі б усе ўкраінцы? — задаецца пытаннем "Newsweek". І адказвае: трагедыя. Калі б так здарылася, гэта ўдарыла б перш за ўсё па важных галінах эканомікі — такіх, як транспарт, гастраномія, будаўніцтва. Без украінскіх кіроўцаў стаўкі за працу ў транспарце пайшлі б уверх, а гэта паўплывала б на рост інфляцыі, і, адпаведна, усе жыхары адчулі б гэта, робячы пакупкі ў крамах.

Шмат украінцаў працуе ў гастраноміі. Напрыклад, уладальнік кавярні пан Кшыштаф кажа, што на адной са змен з сямі супрацоўнікаў пяць — гэта ўкраінцы, ахоўнік — беларус. Кшыштаф адзначае, што трэба ім адразу даваць польскае грамадзянства, паколькі ў культурным і моўным плане яны падобныя да палякаў. Часам здараецца, што нейкі кліент хоча паслаць іх дадому, але гэта адзінкавыя выпадкі, на якія пераважна хутка рэагуюць іншыя кліенты, палякі, супакойваючы выскачку.

Чарговыя галіны, якія не ўяўляюць сабе дзейнасці без украінцаў — гэта дастаўка, а таксама будаўніцтва. Калі б яны з’ехалі, была б трагедыя — адзначае пан Каміль, прараб на будоўлі з амаль дваццацігадовым досведам. У будаўніцтве працуе каля 150 тысяч украінцаў. Калі б іх не было, стаўкі на будаўнічыя паслугі таксама пайшлі б уверх, і, адпаведна, цэны на кватэры.

Шмат замежнікаў з усходу таксама сярод ніжэйшага медычнага персаналу ды кіроўцаў таксі. Палякі працуюць за іншыя стаўкі, у іх большыя патрабаванні. Беспрацоўе нізкае, таму ў вялікіх гарадах, дзе ўкраінцаў найбольш, яны не забіраюць у палякаў працоўныя месцы. Так што дадзены аргумент не спрацоўвае.

Сацыёлаг Катажына Кшывіцка (Katarzyna Krzywicka) адзначае, што, калі б украінцы з’ехалі, на іх месца трэба было б знайсці супрацоўнікаў, іншых мігрантаў, скажам, з Паўднёвай Азіі або Індыі. Украінцы хутка інтэгруюцца і вучаць мову, а з азіятамі значна цяжэй было б знайсці супольную мову, неабходна было б рыхтаваць каштоўныя інтэграцыйныя праграмы, — адзначае экспертка.

нг