Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«У нас няма іншай альтэрнатывы»: што сяброўства ў ЕС дало Латвіі і яе рэгіёнам

10.09.2026 14:55
За два дзесяцігоддзі сяброўства ў ЕС яе рэальны ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасці амаль падвоіўся.
 .
Ілюстративне фото.ПРдУ/С.Ч.

Латвія далучылася да Еўрапейскага саюза 1 мая 2004 года, а ўжо ў 2014-м перайшла на еўра. За два дзесяцігоддзі сяброўства ў ЕС яе рэальны ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасці амаль падвоіўся, сведчаць звесткі Сусветнага банка. У 2024 годзе сярэдні налічаны заробак у краіне дасягнуў 1685 еўра на месяц — на 9,7% больш, чым годам раней, вынікае з дадзеных Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення Латвіі.

Аднак эканамічны рост суправаджаўся вострым дэмаграфічным крызісам: насельніцтва скарацілася прыкладна з 2,28 мільёна чалавек у 2004 годзе да менш як 1,9 мільёна ў 2024-м. Асабліва моцна гэтыя працэсы закранулі ўсходнюю Латгалію — рэгіён на мяжы з Беларуссю і Расіяй, дзе эканамічныя праблемы пераплятаюцца з пагрозамі бяспецы.

Размову з Ілзэ Ошай, намесніцай дзяржаўнага сакратара Міністэрства разумнага кіравання і рэгіянальнага развіцця Латвіі (VARAM), мы пачалі з пытанняў пра Латгалію.

Размешчаная на ўсходнім флангу НАТА, непасрэдна на мяжы з Расіяй і Беларуссю, Латгалія мае значную долю рускамоўнага насельніцтва і спецыфічную інфармацыйную прастору, а таксама з'яўляецца найменш эканамічна развітым рэгіёнам краіны. Гэта надае Лат галіі асаблівую вагу ў супрацьдзеянні расійскім гібрыдным пагрозам.

Якія асноўныя прыярытэты ўрада ў развіцці Латгаліі з улікам эканамічных, дэмаграфічных і бяспекавых выклікаў?

— У нас ёсць некалькі прыярытэтаў. Перадусім з 2025 года дзейнічае новы план устойлівасці і аднаўлення Латвіі, які ўлічвае геапалітычную сітуацыю на мяжы.

На тры асноўныя напрамкі ў Латгаліі — бяспеку, чалавечыя рэсурсы і эканоміку — прадугледжана больш за 644 мільёны еўра. План уключае будаўніцтва новых сістэм аховы мяжы, паляпшэнне транспартных сувязяў і інфраструктуры, а таксама развіццё муніцыпальных паслуг: аховы здароўя, адукацыі і камунальнай гаспадаркі.

Што да чалавечых рэсурсаў, мы распрацавалі механізмы падтрымкі адукацыйных праграм, навучання работнікаў і перападрыхтоўкі для новых прафесій. Акрамя таго, дзейнічае Латгальская спецыяльная эканамічная зона. Яна дае прадпрымальнікам магчымасць атрымліваць падатковыя льготы, у тым ліку на нерухомасць.

Пры размеркаванні сродкаў еўрапейскіх структурных фондаў мы ўлічваем ВУП на душу насельніцтва ў рэгіёнах. Больш эканамічна развітыя тэрыторыі атрымліваюць меншую падтрымку, а Латгалія — большую. Я кажу пра праграмы, якія курыруе наша міністэрства.

Мы адказваем за праграмы развіцця інфраструктуры, павышэння энергаэфектыўнасці і «разумных гарадоў». Іх атрымальнікамі з’яўляюцца муніцыпалітэты. Падтрымка прыватнага бізнесу належыць да кампетэнцыі Міністэрства эканомікі.

У Польшчы, агулам на ўсім усходнім флангу НАТА актыўна абмяркоўваюць будаўніцтва сховішчаў. Гэтаму спрыяюць інцыдэнты з беспілотнікамі і ракетамі ў Румыніі, Польшчы, Літве і ўласна Латвіі. Якая сітуацыя са сховішчамі ў Латгаліі і Латвіі ў цэлым?

— Сховішчы — гэта не толькі наша адказнасць. У нас ёсць бюджэтная праграма, праз якую выдзяляюцца сродкі, аднак усе ўмовы і патрабаванні да стварэння сховішчаў распрацоўвае Міністэрства ўнутраных спраў.

Такім чынам, гэта не знаходзіцца пад нашым непасрэдным наглядам. У нашым міністэрстве працуе спецыяльны аддзел, які кантралюе выкарыстанне сродкаў з фондаў.

Якая сітуацыя на межах? Расія і Беларусь выкарыстоўваюць геаграфічнае становішча рэгіёна і ўскладняюць развіццё яго эканомікі. На момант размовы частка памежных пераходаў з Беларуссю была закрытая. Пункт Патэрніекі часова не працаваў праз тэхнічны збой, пасля чаго рух аднавілі. Латгалія зазнае міграцыйны ціск з боку Беларусі. Што пераважае ў адносінах з суседзямі — РФ і Беларуссю — толькі санкцыі?

— Гэта сапраўды так. Некалькі гадоў таму прадпрымальнікам давялося перагледзець кола дзелавых партнёраў і замест Расіі ды Беларусі пераарыентавацца на заходніх суседзяў і Заходнюю Еўропу.

Што да бяспекі, цяпер мы адчуваем вельмі моцны ціск праз людзей, якія спрабуюць перасекчы мяжу з боку Беларусі. Некалькі дзён таму нашы памежнікі выявілі незаконны тунэль пад мяжой, праз які людзі траплялі з Беларусі ў Латвію.

Іх адправілі назад, але, вядома, мы пастаянна адчуваем вельмі высокі ўзровень небяспекі на мяжы.

Як ваша міністэрства прапануе вырашаць праблему імклівага скарачэння насельніцтва Латвіі, асабліва Латгаліі? Як вы ёй супрацьдзейнічаеце?

— Гэта праблема, вядома, не толькі Латгаліі і Латвіі, але і ўсёй Еўропы, як сведчаць лічбы. Аднак Латгалія церпіць ад яе мацней за іншыя рэгіёны краіны. Мы таксама бачым, што нараджальнасць у Латвіі застаецца нізкай. У адказ можам прапанаваць тры ўжо згаданыя напрамкі дзеянняў.

Гэта эканамічная падтрымка і захады для паляпшэння якасці жыцця. Міністэрства дабрабыту таксама шукае дадатковыя інструменты дапамогі маладым сем’ям: субсідыі і розныя выплаты, каб падтрымаць кожнае дзіця, якое нараджаецца ў латвійскай сям’і.

Мы вельмі цэнім праграму рээміграцыі, за якую адказваем. У кожным рэгіёне працуюць кансультанты, што падтрымліваюць сувязь з жыхарамі Латвіі, якія з’ехалі працаваць за мяжу. Калі людзі хочуць вярнуцца, мы дапамагаем ім уладкавацца ў любым муніцыпалітэце краіны. Паводле нашых звестак, 23% удзельнікаў праграмы, якія вярнуліся ў Латвію, выбралі менавіта Латгалію. У абсалютных лічбах гэта каля 300 чалавек за некалькі гадоў.

Ілзэ Оша і Сніжана Чарнюк Ілзэ Оша і Сніжана Чарнюк

Як Еўрапейскі Саюз і сяброўства ў ім змянілі Латвію за апошнія два дзесяцігоддзі?

— Я думаю, што ў нас няма іншай альтэрнатывы: мы павінны быць у Еўрапейскім саюзе. Гэта першая і галоўная думка. Паколькі наша міністэрства адказвае за рэгіянальную палітыку, магу прывесці прыклад з гэтай сферы.

Паводле нашых ацэнак, без сродкаў ЕС і еўрапейскай палітыкі згуртавання развіццё латвійскіх рэгіёнаў — не толькі Латгаліі — было б прыкладна на 10% павольнейшым. Еўрапейская падтрымка дазваляе хутчэй развівацца і больш эфектыўна дасягаць пастаўленых мэт. Гэта магчымасць для паскоранага развіцця не толькі дзяржавы, але і муніцыпалітэтаў.

Еўрапейскі Саюз падтрымлівае праекты, якія непасрэдна ўплываюць на штодзённае жыццё: падключэнне да цэнтральнага водазабеспячэння, павышэнне энергаэфектыўнасці, скарачэнне выдаткаў жыхароў на ацяпленне. Усе гэтыя захады важныя не толькі для дзяржавы, але і для канчатковых спажыўцоў.

Таму для нас вельмі важна быць у ЕС. Як я ўжо казала, магчымасць развівацца хутчэй дзякуючы еўрапейскай падтрымцы мае асаблівае значэнне для краіны, якая аднавіла незалежнасць у 1991 годзе.

Уступленне ў Еўрапейскі Саюз было звязанае і з пэўнымі цяжкасцямі. На вашу думку, з якімі асноўнымі выклікамі сутыкаліся ўрады Латвіі падчас інтэграцыі і сяброўства ў ЕС?

— Я думаю, што асноўныя выклікі палягалі ў недахопе навыкаў. Калі мы пачыналі працаваць з Еўрапейскім Саюзам, у нас не было досведу супрацоўніцтва на такім узроўні. Гэта была агульная праблема для ўсёй сістэмы.

Муніцыпалітэтам таксама давялося выконваць шматлікія патрабаванні ЕС. Яны пастаянна спрабуюць удасканальваць сваю працу, змяншаць бюракратыю і адначасова адпавядаць жорсткім стандартам. На пачатку было асабліва складана асвойваць еўрапейскія сродкі.

Захоўваліся і цяжкасці з дасягненнем агульнаеўрапейскіх мэт. Яны дагэтуль існуюць у розных сферах, напрыклад у кліматычнай палітыцы. Мы імкнёмся выканаць усе патрабаванні, але гэты працэс яшчэ працягваецца.

Мы пакуль не завяршылі яго і не дасягнулі ўсіх пастаўленых мэт. Менавіта гэтую частку сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе я назвала б складанай.

Слухайце аўдыё!

эж

Польскі аналітык: У Латвіі настальгуюць па лукашэнкаўскай Беларусі — з таннай каўбасой і санаторыямі

06.08.2026 14:33
Пра прычыны ўзмацнення міграцыйнага ціску, магчымыя мэты Мінска і ўнутрыпалітычны кантэкст Латвіі Беларуская служба пагутарыла з аналітыкам Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW) Барташам Хмялеўскім.

Камандзір брыгады НАТА ў Латвіі: Калі мы гаворым Расія, то маем на ўвазе і Беларусь

17.08.2026 16:30
Аб утоеных пагрозах у Латгаліі і аб польскіх «Леапардах» ля мяжы з РФ гаворым з канадскім палкоўнікам Дэвідам Брасарам.