Упраўленне па ахове канкурэнцыі і абароне правоў спажыўцоў (UOKiK) распачало расследаванне супраць чатырох кампаній Групы «Google». Абвінавачванні тычацца магчымага злоўжывання дамінуючым становішчам у адносінах з польскімі выдаўцамі СМІ.
Старшыня UOKiK Тамаш Хрустны (Tomasz Chróstny) тлумачыць, што, нягледзячы на юрыдычнае абавязацельства, кампанія «Google» не падпісала пагадненняў з выдаўцамі, якія б вызначалі ўмовы выкарыстання публікацый і памер узнагароджання. Амерыканскі гігант таксама не прадаставіў выдаўцам неабходных дадзеных.
— Нашыя сумневы выкліканыя тым, як амерыканская кампанія вяла перамовы з выдавецкімі арганізацыямі. Прапаноўваючы выдаўцам узнагароджанне, кампанія «Google» не прадаставіла ім дадзеных, якія дазволілі б ацаніць прапанаваныя стаўкі. Сярод іншага, кампанія не паказала, як выкарыстоўвае прэс-публікацыі і які даход ад іх атрымлівае. Яна таксама не растлумачыла параметраў, якія выкарыстоўваліся пры разліку, і не прадаставіла дакументаў, якія дазволілі б праверыць яе разлікі, — заявіў старшыня UOKiK.
У ходзе працэдуры Упраўленне па ахове канкурэнцыі і абароне правоў спажыўцоў будзе расследаваць, ці злоўжывала Група «Google» сваім дамінуючым становішчам на рынку.
— Мы правяраем, ці скарысталася кампанія «Google» сваёй перавагай над выдаўцамі, якія разлічваюць на яе як на жыццёва важны канал для дасягнення чытачоў і маюць значна слабейшую перамоўную пазіцыю. Вялікія тэхналагічныя кампаніі не могуць ставіць сябе вышэй за закон. Між тым, правілы выразна называюць інфармацыю, якую кампанія «Google» павінна прадастаўляць выдаўцам, каб справядліва заплаціць за кантэнт, які яна выкарыстоўвае, — нагадаў Тамаш Хрустны.
Абвінавачванні UOKiK тычацца чатырох кампаній: «Alphabet Inc»., «Google LLC» — якія спецыялізуюцца на прадастаўленні рэкламных паслуг, «Google Ireland Limited» — якая кіруе пошукавай сістэмай Google у Еўрапейскай эканамічнай зоне і «Google Poland».
Максімальны штраф за злоўжыванне дамінуючым становішчам можа складаць 10 працэнтаў ад абароту кампаніі.
IAR/аз