Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Амерыканскі суд аштрафаваў «Фэйсбук» на гіганцкую суму. Справа звязана з выбарчай кампаніяй Трампа

22.10.2026 14:56
«Фэйсбук» ужо раней неаднаразова падвяргаўся жорсткай крытыцы і нёс фінансавыя страты з-за таго, што парушаў правілы збору і захоўвання дадзеных карыстальнікаў.
Facebook
Facebook geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Суд амерыканскага штата Нью-Мексіка абавязаў карпарацыю «Мэта» выплаціць 25 млрд долараў штрафу. Прысяжныя прыйшлі да высновы, што кампанія ўводзіла карыстальнікаў у зман у рамках справы аб атрыманні дадзеных мільёнаў карыстальнікаў «Фэйсбука» без іх згоды. Пра гэта паведамляе партал Gazeta.

Персанальныя дадзеныя 87 млн грамадзян без іх згоды былі выкарыстаныя падчас выбарчай кампаніі Дональда Трампа. Штраф, які павінен заплаціць канцэрн, будзе накіраваны на развіццё адукацыі штата Нью-Мексіка. «Мэта» ужо заявіла, што не згаджаецца з прысудам і падасць апеляцыю.

Суддзя Фрэнсіс Мэцью ў сваёй пастанове пасля вынясення вердыкту напісаў, што «правапарушэнні «Фэйсбука» здзяйсняюцца на працягу многіх гадоў і ляжаць у аснове базавых бізнес-практык гэтай кампаніі». У сваю чаргу генеральны пракурор штата Рауль Торэс зазначыў, што тэхналагічныя гіганты паводзяць сябе так, быццам бы іх памер і ўплыў на грамадства ставяць іх па-за законамі.

Акрамя таго, на пачатку жніўня суд штата Нью-Мексіка абавязаў кампанію «Мэта» выплаціць 567 млн долараў за прычыненую шкоду псіхічнаму здароўю непаўналетніх карыстальнікаў яе платформаў.

«Фэйсбук» ужо раней неаднаразова падвяргаўся жорсткай крытыцы і нёс фінансавыя страты з-за таго, што парушаў правілы збору і захоўвання дадзеных карыстальнікаў, паведамляе Gazeta. 

вс