Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Банкі змяняюць падыход да ўліку дапамогі «800 плюс» пры выдачы іпатэчных крэдытаў

24.11.2026 11:52
Яшчэ нядаўна гэтая дапамога дазваляла істотна павысіць крэдытаздольнасць сям’і.
 800+
Праграма 800+крыніца: gow.pl

У Польшчы ўсё больш банкаў змяняюць падыход да ацэнкі крэдытаздольнасці кліентаў, якія атрымліваюць дапамогу на дзяцей у рамках дзяржаўнай праграмы «800 плюс».

Яшчэ нядаўна гэтая дапамога дазваляла істотна павысіць крэдытаздольнасць сям’і. І гэта нядзіўна, бо ў выпадку сям’і з трыма дзецьмі гаворка ідзе пра дадатковыя 2400 злотых штомесяц. Аднак сёння ўсё больш банкаў улічваюць гэтыя сродкі толькі на працягу таго перыяду, калі сям’я мае права на атрыманне дапамогі.

На праблему звярнула ўвагу Камісія фінансавага нагляду Польшчы (KNF). Ведамства заклікае банкі больш асцярожна і ўзважана падыходзіць да выдачы крэдытаў, улічваючы перспектыву зніжэння даходаў сям’і ў будучыні.

Пра пазіцыю Камісіі фінансавага нагляду расказвае Павел Баршчэўскі (Paweł Barszczewski):

— Камісія фінансавага нагляду не чакае ад банкаў, што яны перастануць улічваць дапамогу «800 плюс» пры ацэнцы крэдытаздольнасці. Аднак мы чакаем — і гэта падыход, якога орган фінансавага нагляду паслядоўна прытрымліваецца ўжо шмат гадоў, — што банкі будуць адказна ацэньваць крэдытаздольнасць кліентаў, улічваючы не толькі памер іх даходаў на момант атрымання крэдыту, але і тое, як гэтыя даходы будуць змяняцца на працягу ўсяго перыяду яго пагашэння.

Безумоўна, дапамога «800 плюс» з’яўляецца рэальнай і важнай падтрымкай сямейнага бюджэту. Аднак пры ацэнцы крэдытаздольнасці банкі павінны абапірацца не на аптымістычныя прагнозы, а на дакладныя дадзеныя і рэалістычную ацэнку фінансавага становішча сям’і ў доўгатэрміновай перспектыве.

Працягвае Павел Баршчэўскі:

— Перыяд атрымання гэтай дапамогі залежыць ад узросту дзіцяці і можа быць значна карацейшы за перыяд пагашэння іпатэчнага крэдыту, які часта складае 20 ці 25 гадоў. Таму банк пры ацэнцы крэдытаздольнасці павінен улічваць як паступленні ад гэтай дапамогі, так і выдаткі на ўтрыманне і выхаванне дзяцей. Ён таксама павінен належным чынам ацаніць, як зменіцца фінансавае становішча хатняй гаспадаркі, калі права на атрыманне дапамогі спыніцца.

Змены ў падыходзе банкаў да ацэнкі крэдытаздольнасці ўжо маюць рэальныя наступствы для сем’яў, якія плануюць набыць жыллё. Ад таго, ці будзе банк улічваць дапамогу «800 плюс» у якасці даходу, залежыць максімальная сума крэдыту, а значыць, і тое, якую кватэру сям’я зможа сабе дазволіць.

Пра магчымыя наступствы для патэнцыйных пазычальнікаў гаворыць Томаш Касіва (Tomasz Kosiwa), рэгіянальны дырэктар па продажах:

— Для многіх сем’яў неўлічэнне дапамогі «800 плюс» пры разліку крэдытаздольнасці будзе азначаць неабходнасць унесці большы ўласны ўзнос або набыць меншую ці таннейшую нерухомасць. Паводле нашых ацэнак, зніжэнне крэдытаздольнасці можа складаць ад некалькіх дзясяткаў да нават больш чым 100 тысяч злотых у выпадку адной хатняй гаспадаркі, для якой дагэтуль дапамога «800 плюс» улічвалася пры разліку крэдытаздольнасці.

Варта адзначыць, што рэакцыя банкаў на пазіцыю Камісіі фінансавага нагляду даволі розная. Частка фінансавых устаноў цалкам перастала ўлічваць дапамогу «800 плюс» пры разліку крэдытаздольнасці, іншыя ж працягваюць улічваць гэтыя сродкі, але толькі да моманту дасягнення дзіцем 18-гадовага ўзросту.

ПР1/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі