Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Бюджэт ЕС: сродкі на развіццё рэгіёнаў скароцяць, Польшча незадаволеная прапановай

24.11.2026 14:15
Адным з палажэнняў праекта бюджэту, супраць якога выступае Польшча, застаецца пералічэнне дзяржавамі-членамі ў агульнаеўрапейскі бюджэт часткі даходаў ад сістэмы гандлю квотамі на выкіды вуглякіслага газу (ETS).
 .
Ілюстрацыйны здымак. Pixabay.com/Alexas_Fotos

Старшыня Еўрапейскай рады Антоніу Кошта прапанаваў скараціць бюджэт Еўрасаюза на 2028–2034 гады на 10%. Гэта азначае, што агульны аб’ём фінансавання будзе на 204 мільярды еўра меншы ў параўнанні з прапановай Еўрапейскай камісіі, прадстаўленай у ліпені мінулага года.

— Лічу, што гэтая прапанова можа наблізіць нас да канчатковага пагаднення, – заявіў Антоніу Кошта.

Польшча застаецца найбуйнейшым атрымальнікам еўрапейскіх сродкаў

Гэтым разам скарачэнні закранулі так званыя нацыянальныя пакеты фінансавання, гэта значыць сродкі, якія выдзяляюцца асобным дзяржавам-членам на развіццё рэгіёнаў і сельскай гаспадаркі. Скарачэнні маюць сімвалічны характар і складаюць агулам 2,5 мільярда еўра.

Як паведамляе брусельская карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка, для Польшчы гэта азначала б страту некалькіх сотняў мільёнаў еўра. Пры гэтым агульная сума сродкаў, прадугледжаная для Польшчы ў прапанове Еўракамісіі, складае 123 мільярды еўра.

Такім чынам, Польшча застаецца найбуйнейшым атрымальнікам еўрапейскіх фондаў, аднак Варшава незадаволеная новай бюджэтнай прапановай.

Пра гэта ў размове з брусельскай карэспандэнткай Польскага радыё заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ігнацы Немчыцкі (Ignacy Niemczycki):

— Для Польшчы гэта будуць цалкам сімвалічныя скарачэнні. Так, Польшча па-ранейшаму мае найбуйнейшы нацыянальны пакет фінансавання, але гэтая прапанова не здымае іншых нашых пярэчанняў, таму мы ставімся да яе негатыўна. Увогуле курс на скарачэнне выдаткаў — гэта не той кірунак, які нас задавальняе. У адносінах да валавога нацыянальнага даходу бюджэт будзе яшчэ меншы, чым цяпер, а амбіцыі і патрэбы Еўрасаюза, здаецца, большыя.

Варшава не хоча перадаваць даходы ад ETS у бюджэт Еўрасаюза

Адным з палажэнняў праекта бюджэту, супраць якога выступае Польшча, застаецца пералічэнне дзяржавамі-членамі ў агульнаеўрапейскі бюджэт часткі даходаў ад сістэмы гандлю квотамі на выкіды вуглякіслага газу (ETS).

Еўрапейская камісія прапанавала, каб у бюджэт ЕС паступала 30% гэтых даходаў. Для Польшчы гэта азначала б неабходнасць пералічыць каля сямі мільярдаў еўра да 2034 года.

Старшыня Еўрапейскай рады прапанаваў паступова выходзіць на гэты ўзровень. У першы год Польшча ўвогуле не пералічвала б гэтых сродкаў, а ў наступныя гады доля адлічэнняў штогод павялічвалася б на пяць працэнтных пунктаў. У выніку агульная сума выплат да 2034 года была б удвая меншай у параўнанні з першапачатковай прапановай Еўракамісіі.

Аднак Польшча па-ранейшаму выступае супраць гэтага рашэння. Варшава дамагаецца, каб даходы ад ETS былі выключаныя з пераліку ўласных рэсурсаў бюджэту Еўрасаюза, а адпаведныя сродкі заставаліся ў нацыянальным бюджэце.

— Мы хочам, каб сродкі ад ETS фінансавалі зялёныя інвестыцыі ў нашай краіне, — падкрэсліў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ігнацы Немчыцкі.

Фінансаванне сельскай гаспадаркі і падтрымка ўсходніх рэгіёнаў

Станоўчым момантам для Польшчы з’яўляецца тое, што ў найноўшай прапанове бюджэту ЕС не прадугледжваецца скарачэнне сродкаў на сельскую гаспадарку.

Як ужо некаторы час адзначалі еўрапейскія дыпламаты, старшыня Еўрапейскай рады асцерагаўся незадаволенасці фермераў з усёй Еўрапейскай супольнасці і шматлікіх акцый пратэсту.

У праекце бюджэту таксама згадваецца неабходнасць падтрымкі рэгіёнаў, размешчаных уздоўж усходняй мяжы Еўрасаюза. Канкрэтныя сумы пакуль не называюцца, аднак само ўключэнне такога палажэння ў праект стварае адпраўны пункт для далейшых перамоў і дае Польшчы магчымасць дамагацца дадатковага фінансавання для сваіх усходніх рэгіёнаў.

Падатак на лічбавых гігантаў можа стаць прычынай спрэчак з ЗША

Сярод іншых цікавых палажэнняў новага праекта бюджэту — увядзенне падатку на лічбавых гігантаў, які мог бы стаць адной з уласных крыніц даходаў Еўрасаюза.

Такое рашэнне можа прывесці да абвастрэння адносін паміж Еўрасаюзам і Злучанымі Штатамі. Аднак, як адзначае карэспандэнтка Польскага радыё, у Бруселі пераважае меркаванне, што пасля прамежкавых выбараў у ЗША і паражэння Рэспубліканскай партыі, якое аслабіла палітычныя пазіцыі Дональда Трампа, варта паспрабаваць рэалізаваць гэтую ініцыятыву.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі