Беларуская Служба

А. Лукашэнка не перастае здзіўляць сваімі выказваннямі

14.12.2019 14:56
Яму патрэбны час, неабходна перачакаць У. Пуціна, дачакацца, калі ён сыдзе.
Władimir Putin oraz Alaksandr Łukaszenka
Władimir Putin oraz Alaksandr ŁukaszenkaPAP/ITAR-TASS/Mikhail Metzel

Выданне Sieci вялікі артыкул прысвячае перамовам Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным аб інтэграцыі Беларусі і Расіі. Лукашэнка не перастае здзіўляць – незадоўга да сустрэчы з расійскім кіраўніком і падпісання дамоваў аб інтэграцыі ён запэўніваў пра сваю любоў да Еўрапейскага Звязу. У чым тут справа – задумваецца аўтар тэксту Марэк Будзіш.

Лідарам двух краін не ўдалося дамовіцца пра самыя істотныя пытанні інтэграцыі – гэта рынак газу, нафты, электраэнергіі ці ўніфікацыя падатковай сістэмы. Паралельна гучалі эмацыйныя выказванні Лукашэнкі, што Расія дыскрымінуе беларускія тавары, ад чаго Беларусь страчвае нават 10 млрд. долараў.

Некаторыя беларускія аналітыкі мяркуюць, што нават калі інтэграцыйныя дакументы будуць падпісаны, няшмат зменіцца, паколькі аб сапраўдным набліжэнні краін будзе вырашаць бягучая палітыка. Зацягваючы перамовы з Масквой, Лукашэнка змагаецца за як мага большы памер эканамічнай падтрымкі з боку Расіі. Дзяржаўны бюджэт у будучым годзе недалічыцца 1,5 млрд. долараў, якія Беларусь атрымлівала дзякуючы танным расійскім энерганосьбітам. Акрамя таго, перад выбарамі Лукашэнка ўжо абяцаў павышэнне зарплатаў бюджэтнікаў. Прыйдзецца скарачаць памер датавання дзяржаўных прадпрыемстваў, які і так значна скараціўся цягам апошніх гадоў – з 3 млрд. рублёў у 2016 г. ды 1,24 млрд. летась.

Без вонкавага фінансавага сілкавання перспектывы беларускай эканомікі далёка не ружовыя. Беларусь шукае грошы ўсюды, дзе толькі можна. Мінск разлічвае таксама на еўрапейскіх інвестараў, пра што казаў Лукашэнка падчас візіту ў Аўстрыю. Застаецца яшчэ Кутай, правераны і надзейны партнёр Беларусі.

Адным словам, тая міжнародная актыўнасць беларускіх палітыкаў, якую мы назіраем у апошнія тыдні, гэта барацьба за час і грошы. А хутчэй за час, бо грошы дазваляюць адтэрмінаваць непапулярныя рашэнні. Беларускі бацька калісь заявіў, што ён яшчэ не думае пра выхад на пенсію, паколькі адчувае сябе маладым. Можа, пасля чарговага прэзідэнцкага тэрміну, які пачынаецца ў 2024 годзе. Гэта дата вельмі важная, каб зразумець гульню Лукашэнкі. Неабходна перачакаць Пуціна, дачакацца, калі ён сыдзе.

Марэк Будзіш/нг