Беларуская Служба

У Польшчы абвастрыўся канфлікт паміж уладамі і некаторымі прадстаўнікамі правасуддзя

18.12.2019 15:37
На думку дзяржаўных чыноўнікаў, неабходна акрэсліць рамкі, за якія суддзі не павінны выхадзіць, чаго яны не павінны рабіць.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Africa Studio

Польскія ўлады ўнеслі на разгляд у парламент законапраект, які датычыць судовай сістэмы ў Польшчы. Гаворка ідзе пра ўнясенне паправак і дапаўненняў у існуючыя законы, якія павінны ўпарадкаваць судовую сістэму. Апаненты ўлады мяркуюць, што праект можа паглыбіць канфлікт паміж непакорлівымі суддзямі ды дзяржаўнымі ўладамі. 

Законапраект падрыхтавалі дэпутаты партыі «Права і справядлівасць». Ён прадбачвае, у прыватнасці, увядзенне дысцыплінарнай адказнасці за дзейнасць або адсутнасць дзеянняў, што можа ўскладніць працу сістэмы правасуддзя. Гаворка ідзе таксама пра дзейнасць палітычнага характару.

Меркаваннем прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага, новы закон дазволіць пазбегнуць хаосу ў правасуддзі. Ён заявіў, што дзяржава не можа сабе дазволіць, каб адны суддзі маглі заяўляць, што іншыя суддзі не маюць права выдаваць прысуды.

- Такая сітуацыя давяла б да хаосу ў судовай сістэме. Ніводная сур’ёзная дзяржава, зразумела, не можа дапусціць такога.

Законапраект прадугледжвае пакаранне суддзяў, якія падрываюць прэрагатывы прэзідэнта, статус Нацыянальнай рады правасуддзя або іншых суддзяў.

На думку дэпутата левых сілаў Кшыштафа Гаўлоўскага, закон прымаецца з мэтаю заткнуць суддзям рот. Левыя сілы паспрабуюць затрымаць працэс прыняцця закону.

- «Права і справядлівасць» у чарговы раз хоча прыняць кепскі закон. А ўсё з-за таго, што за справу бяруцца партачы з Міністэрства юстыцыі, якія робяць усё магчымае, каб заткнуць вусны суддзям. Законапраект хутчэй за ўсё будзе прыняты ў Сейме, паколькі кіроўная партыя мае большасць дэпутатаў, таму важна, каб вышэйшая палата, Сенат унёс як мага больш паправак. Каб прыняць такі папраўлены дакумент, неабходная большасць у Сейме. І я думаю, у многіх палітыкаў ПіС задрыжыць рука, калі яны будуць галасаваць над законапраектам.

Прэс-сакратар ураду Пётр Мюлер (Piotr Józef Müller) адзначае, што падрыхтаваны законапраект павінен упарадкаваць правасуддзе. Госць Польскага радыё нагадаў пра абмеркаванне пытання польскай судовай сістэмы, якое прайшло на пасяджэнні Камісіі свабоды Еўрапейскага парламенту.

- Правілы, датычныя сістэмы правасуддзя, носяць унутраны характар, яны не ахопленыя працэдурамі Еўрапейскага саюзу. Канешне, частка адміністрацыйнага апарату Еўрасаюзу спрабуе пашырыць кампетэнцыі, але гэта не ўдасца. А законапраект, які быў падрыхтаваны ў Польшчы, павінен упарадкаваць судовую сістэму. Мы не можам сабе дазволіць, каб у гэтай сістэме быў хаос, або каб існавалі паралельна дзве сістэмы правасуддзя ў Польшчы. Рашэнне аб тым, хто можа называць сябе суддзёй, прымае прэзідэнт.

Па словах прадстаўнікоў уладных структур, неабходна акрэсліць рамкі, за якія суддзі не павінны выхадзіць, чаго яны не павінны рабіць. Канфлікт улады з часткаю асяроддзя суддзяў працягваецца здаўна, практычна з самага пачатку, калі ўладу ў краіне ўзяла партыя «Права і справядлівасць». Усё часцей гучаць галасы, што патрэбны хтосьці, хто будзе ў стане супакоіць спрэчкі і знайсці кампраміс. Бо інакш, меркаваннем прафесара Міхала Кляйбэра (Michał Kleiber), віцэ-старшыні Еўрапейскай акадэміі навукі і мастацтва, вынікам спрэчкі можа стаць поўная страта аўтарытэту суддзяў.

- У нас тысячы судовых рашэнняў у дзень. Кожны зможа заявіць, што прысуд няправільны. Калі я, напрыклад, прайграю працэс, і пры гэтым пастаянна чую, што суддзі не маюць рацыі, то я не стану выконваць рашэнне такога суддзі. Наступствы могуць быць каласальныя. Мне падаецца, што суддзі, якія сябе паводзяць цяпер вельмі агрэсіўна, зусім не разумеюць, што іх прыватны інтарэс – гэта адно, а з другога боку шаляў знаходзіцца грамадскі інтарэс, які значна важнейшы.

Справай зацікавілася Еўрапейская камісія, якая паведаміла, што правядзе экспертызу законапраекту. Аб гэтым заявіў прэс-сакратар камісіі Крыстыян Віганд.

- Камісія ведае пра законапраект, які быў унесены ў польскі Сейм. Камісія прааналізуе палажэнні дакументу, асабліва пытанне, ці яны не парушаюць прынцыпы прававой дзяржавы і законы Еўрапейскага саюзу, ці не парушаюць таксама прынцып незалежнасці правасуддзя. Камісія прадстаўляе вельмі станоўчую пазіцыю па пытанні аховы судовай сістэмы ад палітычнага ўмяшання.

Падсумуем – «Права і справядлівасць» падрыхтавала законапраект рэформы сістэмы правасуддзя, які дазволіць караць суддзяў, якія падрываюць прэрагатывы іншых прадстаўнікоў судовай сістэмы. Улады абяцаюць, што гэта перадухіліць хаос у сістэме, апазіцыя мяркуе, што законапраект парушае канстытуцыю, пагражае развалам прававой дзяржавы і ўцягвае краіну ў канфлікт з уладамі Еўрапейскага саюзу.

ІАР ПР/нг