Беларуская Служба

Нямецкія СМІ крытыкуюць Меркель за адносіны да Пуціна

14.01.2020 16:03
«Праз 5 гадоў усё выглядае інакш – Пуцін задае тон (...), а Меркель ветліва з усім згаджаецца, прымаючы ўсе цынічныя правакацыі».
У суботу Ангела Меркель сустрэлася з Уладзімірам ПуцінымPAP/EPA/MICHAEL KLIMENTYEV/SPUTNIK/KREML/POOL

Каментуючы суботні візіт Ангелы Меркель у Маскву, нямецкае выданне Tagesspiegel адзначае, што патрабаванні так званай realpolitik (палітычны курс, уведзены Бісмаркам, які заключаецца ў адмове ад ідэалогіі ў якасці асновы дзяржаўнага курсу, – рэд.) прымушаюць Нямеччыну супрацоўнічаць з Расіяй. Пра гэта піша Польская служба «Нямецкай хвалі».

Аўтар артыкула адзначае, што «часам рэальны свет не ў ладах з ідэальным». «Асабліва ў міжнароднай палітыцы і пытаннях бяспекі, дзе пажаданыя каштоўнасці часта не пакрываюцца мэтамі, якія атрымліваецца дасягнуць», – паведамляе рэсурс.

Tagesspiegel нагадвае, зазначае «Нямецкая хваля», што размова Меркель з Пуціным доўжылася амаль 4 гадзіны і, тым не менш, такія спрэчныя тэмы, як напрыклад, забойства грузінскага мігранта ў Берліне, былі выключаныя з павесткі перамоў. «Пераважалі агульныя інтарэсы. Абодва бакі падтрымалі дамову з Іранам і будаўніцтва газаправода Nord Stream II», – піша выданне.

Яшчэ больш востра пазіцыю Ангелы Меркель крытыкуе таблоід Bild. Для параўнання аўтар артыкула прывёў перамовы, якія нямецкі канцлер вяла ў ноч на 12 лютага 2015 у Мінску. Тады Ангела Меркель 16 гадзін змагалася з Пуціным за спыненне расійскага наступлення на ўсходзе Украіны. «Праз 5 гадоў усё выглядае інакш – Пуцін задае тон – не важна, пра што гаворка – Украіну, Сірыю, Лівію або Іран. Меркель ветліва з усім згаджаецца, прымаючы ўсе цынічныя правакацыі», – падкрэслівае выданне.

вс