Інтэрв'ю для італьянскага выдання адкрываецца напамінам, што з-за пандэміі Расія адмяніла юбілейныя ўрачыстасці Перамогі, на якія Польшча не была запрошаная. «Можа таму, што на 80-годдзе пачатку вайны, 1 верасня мінулага года, не былі запрошаныя расійскія ўлады?» – запыталі італянцы ў кіраўніка польскага ўраду.
Ён адказаў: «Выключэнне Польшчы з удзелу ў святкаванні абазначае ўмову Масквы: для ўдзелу ў гістарычнай дыскусіі неабходна пагадзіцца з расійскім наратывам».
«Але для Польшчы гэта будзе азначаць згоду на хлусню: мы не можам дапусціць сітуацыі, калі ката і ахвяру мяняюць месцамі», – падкрэсліў прэмʼер-міністр.
На словы італьянскай журналісткі, што расіяне абвінавачваюць польскі бок у непавазе да памяці многіх воінаў Чырвонай арміі, якія загінулі ў барацьбе з нацыстамі, прэмʼер-міністр Маравецкі заявіў: «Гэтая армія знаходзілася ў Польшчы амаль 50 гадоў, навязала рэжым, уводзіла камунізм, на які не пагаджалася пераважная большасць палякаў«.
«Дзейнасць Чырвонай арміі на нашых землях была накіравана не на аднаўленне нашай незалежнасці, а наадварот – нанова захоп суверэнітэту Польшчы», – падкрэсліў Маравецкі.
Згадваючы наступную заўвагу пра тое, што многія помнікі салдатам Чырвонай Арміі былі разабраны ў Польшчы, кіраўнік польскага ўраду падкрэсліў, што трэба размежаваць разборку ці ператварэнне ў музейныя прадметы «помнікаў, якія сімвалізуюць зняволенне Польшчы», і павагу да месцаў пахаванняў воінаў Чырвонай арміі. Маравецкі запэўніў, што польскія ўлады даглядаюць месцы пахаванняў усіх ваенных ахвяр, незалежна ад іх нацыянальнасці.
«Я хацеў бы чакаць, што такім жа чынам у Расіі будуць аказваць павагу да месцаў пахавання палякаў – ахвяраў савецкіх рэпрэсій», – дадаў Маравецкі.
Польскі палітык таксама падкрэсліў, што ў час вайны палякі славіліся сваім гераізмам у барацьбе на многіх франтах. Ён нагадаў пра баі за Монтэ-Касіна і ўклад польскіх лётчыкаў у бітву за Брытанію.
Прэмʼер-міністр Маравецкі прызнаўся, што непакоіцца за лёс памятных мясцін у іншых краінах, у тым ліку рэшткі нацысцкага канцлагера Гусен у Аўстрыі.
«Гэта месца гібелі польскай інтэлігенцыі, вынішчэнне польскіх і еўрапейскіх яўрэяў, але і некалькіх тысяч грамадзян Італіі», – нагадаў ён.
«Да сённяшняга дня, нягледзячы на каштоўныя ініцыятывы мясцовага насельніцтва, мы не дачакаліся рэальнага дзеяння аўстрыйскай дзяржавы. Таму я падтрымліваю ініцыятыву па куплі гэтага ўчастку дзеля таго, каб годна ўшанаваць памяць забітых і стварыць там дастойны адукацыйны цэнтр», – сказаў польскі прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі у інтэрвʼю італянскай газеце «La Stampa».
яс/паводле onet.pl