Беларуская Служба

Еўрапейскі Саюз прыняў план барацьбы з наступствамі каранавіруснай інфекцыі

20.05.2020 14:53
Грошы атрымаюць перш за ўсё краіны на поўдні Еўропы, якіх пандэмія закранула раней і мацней, чым іншых.
.   .
А. Меркель і Э. Макрон дамовіліся наконт плану па барацьбе з наступствамі заразыфота: PAP/EPA/ANDREAS GORA / POOL

«Сумесны план Еўропы» – пад такім загалоўкам Rzeczpospolita апісвае намеры Еўрапейскага Саюзу змагацца з наступствамі каранавіруснай інфекцыі. План аб’явілі надоечы канцлер Германіі Ангела Мэркель і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. План прадбачвае выдзяленне паловы трыльёна еўра на датацыі і столькі ж на пазыкі для дзяржаваў, якія мацней за ўсё пацярпелі ад заразы.

Грошы атрымаюць перш за ўсё краіны на поўдні Еўропы, якіх пандэмія закранула раней і мацней, чым іншых – Італія ды Іспанія. У сваю чаргу доўг выплачвалі б перш за ўсё багатыя дзяржавы, гэта значыць, Германія і Францыя на першым месцы.

Будзе таксама прыняты новы бюджэт Еўрапейскага Саюзу, у якім аўтары возьмуць пад увагу наступствы пандэміі. У сваю чаргу Польшча зацікаўлена ў тым, каб былі захаваныя ранейшыя грашовыя сродкі, якія былі прызначаны на выроўніванне ўзроўню жыцця ў бяднейшых дзяржавах ЕС у параўнанні з багатымі. Нават калі ў нейкай краіне, як напрыклад, Польшча, абсяг COVID-19 не з’яўляецца вельмі шырокім, то і так такія дзяржавы панеслі значныя страты ў эканамічным сэнсе.

Цяпер план павінны адобрыць усе 27 краін, якія ўваходзяць у супольнасць. Паўночныя дзяржавы скептычна да яго ставяцца. Найбольш галасоў пратэсту чуваць з такіх дзяржаў, як Галандыя, Швецыя і Данія. Яны гатовыя дапамагчы самым пацярпелым краінам пазыкамі, але не згаджаюцца павышаць агульную задоўжанасць Еўрасаюзу.

нг