Беларуская Служба

Тшаскоўскi супраць польскай АЭС

03.07.2020 16:05
Кандыдат у прэзідэнты Рафал Тшаскоўскі з'яўляецца вялікім прыхільнікам сонечнай і ветраной энергетыкі.
Rafał Trzaskowski
Rafał TrzaskowskiPAP/Tomasz Gzell

«Грамадзянская платформа» і «зялёныя» хочуць заблакаваць эпахальны шанец для Польшчы, – піша тыднёвік «Gazeta Polska» (Antyatomowe lobby Trzaskowskiego. Platforma i Zieloni chcą zablokować epokową szansę dla Polski).

Несумненна, што атамная электрастанцыя патрэбная, каб Польшча магла сама вырабляць энергію, не разлічваючы на пастаўкі з краін, палітыка якіх часта супярэчыць польскім інтарэсам. Атамныя інвестыцыі таксама з'яўляюцца вялікім стымулам для эканомікі і тэхналагічным скачком. Аднак візія Польшчы Рафала Тшаскоўскага (магчыма, будучага прэзідэнта - рэд.) не прадугледжвае будаўніцтва атамнай электрастанцыі і арыентуецца на прапаганду «зялёных» актывістаў, - піша «Gazeta Polska».

«Калі б мы былі больш паслядоўнымі 30 гадоў таму і ў Жарноўцы на поўначы Польшчы пабудавалі атамную электрастанцыю, сёння б у нас не было такой размовы. Таксама не ўзнікалі б праблемы смогу і дылемы, звязаныя з адмовай ад энергіі з вугалю. Цяпер тэма вяртаецца з падвоенай сілай, і сёння я магу толькі згадваць тое, як рашэнне аб прыпыненні будаўніцтва польскай АЭС было прынятае на працягу адной ночы на пасяджэнні ўрада Тадэвуша Мазавецкага. (...) Гэтая электрастанцыя павінна была значна адрознівацца ад чарнобыльскіх блокаў», – заявіў дырэктар Інстытута хіміі і атамнай тэхналогіі праф. Анджэй Хмялеўскі.

На схіле Польскай Народнай Рэспублікі палякі баяліся атама, і гэта зразумела, бо ж нядаўна адбылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. Аднак апошнія даследаванні паказваюць, што цяпер меркаванні палякаў істотна змяніліся. Паводле апытання, праведзенага ў 2016 годзе па запыце Міністэрства энергетыкі, 61 працэнт рэспандэнтаў падтрымліваюць будаўніцтва АЭС у Польшчы.

Кандыдат у прэзідэнты Рафал Тшаскоўскі з'яўляецца вялікім прыхільнікам сонечнай і ветраной энергетыкі. Ён хоча, каб Польшча адмовілася ад ацяплення дамоў і кватэр вугалем найпазней у 2030 годзе.

яс