Беларуская Служба

Сем асноўных поглядаў на падзеі ў Беларусі

18.07.2020 11:26
Уладзімір Падгол прадстаўляе розныя ракурсы апошніх здарэнняў у дзяржаве, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі. 
Аўдыё
Уладзімір Падголradyjo.net


1. Уладатрымальнікі: банкір Бабарыка і дыпламат Цапкала не зарэгістраваны. Ярмошына зачытвае ліст старшыні КДК пра тое, што Бабарыка – кіраўнік злачыннай групоўкі. Суду няма, а могуць даць і пажыццёвы тэрмін.

2. Прыхільнікі банкіра, што сядзіць за кратамі, і дыпламата пратэстуюць, свядома ідуць на ахвяры. Ахвяруюць сабой і журналісты: АМАП збівае іх да крыві.

3. БДІПЧ АБСЕ адмаўляецца ехаць назіраць за выбарамі. Для іх выбары пачынаюцца з фармавання выбарчых камісіяў і збору подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. МЗС РБ кажа, што як толькі прайшла рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты, дык у АБСЕ накіравалі запрашэнне.

4. Раўкоў кажа пра гатоўнасць усіх сілавых структураў не дапусціць кровапраліцця і абараніць дзяржаву.

5. Зянон Пазняк лічыць, што газпрамаўскія праекты, каб адхіліць Лукашэнку ад улады, праваліліся.

6. Прэсавы сакратар Крамля заяўляе, што падзеі ў РБ – гэта ўнутраная справа Беларусі. Нават, калі ў жонкі міністра РФ знайшлі на рахунку ў Белгазпрамбанку 3 млн. долараў.

7. Погляд народа – дасціпны. Анекдот пра сумленнасць выбараў. З сайта «Нашай Нівы»:
Дзед прыходзіць на выбарчы ўчастак, падыходзіць да аднаго з членаў камісіі і пытаецца:
– Я магу даведацца, мая жонка прагаласавала?
– Вядома, зараз паглядзім. Так, вось яна распісалася. А што, дзядуля, вы не жывяце разам?
– Ды не, яна ў мяне памерла 20 гадоў таму, але кожны раз прыходзіць галасаваць. А я яе ўсё застаць не магу.

Да чаго я распавёў гэты анекдот? Бо працягваюцца выпадкі, калі грамадзяне знаходзяць свае подпісы пад вылучэннем чыноўнікаў у чальцы выбарчых камісіяў, а грамадзяне гэтых подпісаў не ставілі. Грамадзяне падаюць заявы ў міліцыю аб махлярстве, а рэакцыі няма.

Калі казаць вельмі дакладна, дык рэакцыя ёсць – чарговае збіццё амапаўцамі на вуліцы мірных жыхароў. Прычым, б’юць проста мінакоў, звычайных людзей, што шпацыруюць.

«Мы сваю краіну будзем бараніць усімі законнымі метадамі. Сваю краіну мы нікому не аддамо». Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з актывам Віцебскай вобласці, піша БЕЛТА. Ён гэта паўтарае не ўпершыню.

Андрэй Раўкоў расказаў, што, сапраўды, свет не стаіць на месцы, і, на жаль, гэта датычыцца і спосабаў вядзення вайны ў розных яе праявах. Таму, улічваючы сучасныя тэндэнцыі, у 2018 годзе былі ўнесены змяненні ў Ваенную дактрыну Беларусі ў частцы рызыкі, выклікаў і пагроз.

Дзяржсакратар Савета бяспекі падкрэсліў, што сучасная вайна мае розныя формы, і часта сцэнарый не паўтараецца. Таму віды Узброеных Сіл краіны нацэлены на тое, каб быць гатовымі да любога развіцця сітуацыі.
Аднак Андрэй Раўкоў звярнуў увагу, што часцей за ўсё сучасная вайна і канфлікты пачыналіся не з інтэрвенцый звонку з выкарыстаннем войскаў. «Як правіла, яны пачыналася з вуліцы, плошчы», – «Уся тая падрыхтоўка на падставе дасягнення мэтаў ваеннай дактрыны і нацэленая ў вайсковых частках, у першую чаргу сілаў спецыяльных аперацыяў, сухапутных войскаў і іншага віду Узброеных сілаў, на тое, каб быць гатовымі да любога развіцця становішча», – сказаў Раўкоў.

«Не трэба думаць аб тым, што нехта сказаў, што армія будзе супраць народа, будзе страляць супраць народа, – падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі. – Не толькі Узброеныя Сілы, але і міліцыя, унутраныя войскі, пагранічнікі, іншыя сілавыя структуры – наша задача – не дапусціць гібелі дзяржавы, не дапусціць кровапраліцця ў народзе. Калі мы гэта дапусцім, значыць, мы прайгралі бой. А калі раптам пачнецца, гэта будзе тайна, ціха: арганізацыя масавых беспарадкаў, што вы цяпер, я ўпэўнены, бачыце, назіраеце».

Андрэй Раўкоў дадаў, што з улікам сучасных тэхналогіяў ёсць вялікія магчымасці для таго, каб узбударажыць грамадства, расхістаць сітуацыю знутры. «А канфлікт потым можа перарасці ў што заўгодна. Тым больш у гэтым завязаны і знешнія сілы. Гэта ні для каго не сакрэт. Гэта відаць простым вокам», – адзначыў ён.

Зянон Пазняк у сваім фэйсбуку размясціў ліст да сяброў КХП-БНФ, дзе пракаментаваў падзеі вакол выбараў і нерэгістрацыю Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы.

«Зразумела, што ў гэтых абставінах мы маглі толькі падштурхнуць непрыяцеляў панішчыць саміх сябе, – піша ён. – Пакуль што пайшло не кепска. Газпрамаўская афёра забуксавала. Банкіра не зарэгістравалі. Цапкалу адкінулі раней».

«Клеркі «Мы перамаглі!» лямантуюць са штаба банкіра. «Лукашэнка баіцца нашага прэтэндэнта!», «Лукашэнка – слабак!» – падхопліваюць так званыя «эксперты» і г. д. Усе гэтыя інфантыльныя воклічы паказваюць, што за ўзровень выскачыў у сур'ёзную палітыку. Лукашэнка не «слабак». Гэтая клеркавая публіка не ведае, з кім мае справу, не разумее, куды яна трапіла. Праціўніка трэба ўмець рэальна ацэньваць. А то як бы гэты «слабак» не закатаў іх, здзіўленых, пад асфальт», – сцвярджае лідар КХП-БНФ і дадае:

«Банкір сядзе мінімум на шэсць гадоў разам з кампаніяй, а ягоныя клеркі пабягуць, як і раней, лізаць узурпатара».

Таксама Пазняк піша, што Святлана Ціханоўская – адзіная станоўчая асоба ва ўсёй групе кандыдатаў, якая магла б працягнуць справу мужа.

Уладзімір Падгол