Міністэрства юстыцыі Польшчы заявіла пра ўнясенне фармальнай заявы ў Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі аб дэнансаванні гэтак званай Стамбульскай канвенцыі (Канвенцыі рады Еўропы аб прадухіленні гвалту ў адносінах жанчын і барацьбе з ім, а таксама барацьбе з хатнім гвалтам).
Прадстаўнікі кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» ды іншых правых сілаў ужо нейкі час таму заяўлялі пра неабходнасць выхаду з дадзенага дагавора. У суботу міністр юстыцыі і генеральны пракурор Збігнеў Зёбра (Zbigniew Ziobro) афіцыйна заявіў пра дэнансаванне канвенцыі. Ён назваў хлуснёй і агіднай прапагандай абвінавачанні ў тым, што, дэнансуючы дагавор, Польшча дазволіць гвалт у адносінах жанчын і хатні гвалт. Зёбра заявіў, што ў польскім заканадаўстве ёсць элементы, якія маглі б быць узорам для іншых дзяржаваў у галіне барацьбы з хатнім гвалтам. Меркаваннем кіраўніка Міністэрства юстыцыі, у канвенцыі ёсць змест ідэалагічнага характару, які з’яўляецца шкодным.
- Ёсць выснова, што біялогія не вызначае, ці нехта з’яўляецца жанчынай ці мужчынам. Гэта быццам бы выбар чалавека ў культурна-сацыяльнай плоскасці. І кожны чалавек можа зрабіць свой выбар. З гэтай ідэалагічнай прадпасылкай звязана таксама рэкамендацыя мяняць адукацыю дзяцей у школах, а таксама ў праграмах пазашкольнай адукацыі. Калі мы згаджаемся з прадпасылкамі канвенцыі, то і польская моладзь павінна прыняць гэтыя, на нашую думку, па сваёй прыродзе фальшывыя, тэзісы.
Супраць дэнансацыі канвенцыі выступаюць палітыкі апазіцыйных партый, у тым ліку Саюзу левых дэмакратычных сілаў. На думку Владзімежа Чажастага (Włodzimierz Czarzasty) з дадзенай групоўкі, дагавор павінен застацца ў сіле, таксама, як іншыя канвенцыі, падпісаныя польскай дзяржавай. Па словах Чажастага, існаванне ўнутраных прававых нормаў не з’яўляецца аргументам, каб адмаўляцца ад міжнародных нормаў. Ён прывёў прыклад Канкардату (дамоўленасці паміж Польшчай і Ватыканам) ды Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека.
- Я магу прывесці прыклад Канвенцыі правоў чалавека, якую падпісалі ўсе дзяржавы Еўрапейскага Саюза. Яна дае права на справядлівы судовы працэс, права на прыватнае жыццё, на заснаванне сям’і, свабоду сумлення і веравызнання, свабоду сходаў. Гарантыя ўсіх гэтых правоў ёсць таксама ў польскіх законах. Ці ў такім выпадку мы павінны дэнансаваць Еўрапейскую канвенцыю правоў чалавека?
Дэпутат левых сілаў звярнуў увагу на тое, што кожны дзень польская паліцыя фіксуе прыкладна 250 выпадкаў хатняга гвалту.
Усе прававыя нормы, якія ахоўваюць ахвяр хатняга насілля, застануцца ў сіле, у тым ліку тыя, якія былі ўведзеныя Стамбульскай канвенцыяй. Пра гэта заверыў у эфіры Польскага радыё намеснік прэс-сакратара партыі «Права і справядлівасць» Радаслаў Фогель (Radosłąw Fogiel). Ён нагадаў, што рашэнне аб дэнансацыі канвенцыі яшчэ не было прынятае. Пакуль што гаворка ідзе толькі пра ўнясенне адпаведнай заявы.
Радаслаў Фогель заявіў, што з боку Аб’яднаных правых сілаў няма згоды на гвалт, асабліва ў адносінах жанчын ды дзяцей.
- Аднак, пры гэтым не павінна быць сітуацыі, калі нехта свае ідэалагічныя перакананні спрабуе прасоўваць пад прыкрыццём барацьбы з гвалтам і абароны жанчын. Такім чынам ён робіць ахвяр хатняга гвалту закладнікамі сваіх ідэалагічных планаў.
Стамбульская канвенцыя паскорыла ўвядзенне паправак і дапаўненняў у польскае заканадаўства, дзякуючы чаму прававая бяспека жанчын і дзяцей значна пашыралася. У гэтым перакананы дэпутат «Грамадзянскай кааліцыі» Вальдэмар Слугоцкі (Waldemar Sługocki). Ён заявіў у эфіры Польскага радыё, што абвінавачанні ў адрас канвенцыі не маюць пад сабою падставаў. Ён нагадаў таксама, што дакумент быў прыняты Польшчай у 2015 годзе.
- Мяне здзіўляе, што толькі цяпер частка палітыкаў Аб’яднаных правых сілаў імкнецца дэнансаваць канвенцыю. Я памятаю выказванні тагачаснага міністра развіцця Ядвігі Эмілевіч, якая казала ў 2015 годзе, што Стамбульская канвенцыя – гэта добры дакумент. Можна таксама прывесці станоўчыя выказванні міністра сям’і і працы Марлены Малёнг. Партыя «Права і справядлівасць» кіруе краінай ужо пяты год, і мяне здзіўляе тое, што міністр Зёбра толькі цяпер узяўся за гэтае пытанне.
За дэнансаванне Стамбульскай канвенцыі выступае таксама палітычная кааліцыя груповак еўраскептычнай і правай арыентацыі «Канфедэрацыя». Прадстаўнік кааліцыі Кшыштаф Босак заявіў, што ў польскім перакладзе дакументу звыш 25 разоў было прапушчана слова «гендар», якое ў Польшчы мае адмоўныя канатацыі. Замест яго перакладчыкі скарысталіся нейтральным выразам «пол», што, на думку Босака, цалкам змяніла гучанне зместу.
Стамбульская канвенцыя была падпісана Польшчай у 2012 годзе, а ратыфікацыя дакументу адбылася ў 2015 годзе.
нг