Беларуская Служба

Зварот Ціханоўскай да польскіх уладаў: «Папрасіце беларускія ўлады не страляць у народ»

30.07.2020 12:35
Святлана Ціханоўская хоча стаць галавой дзяржавы толькі на палову года, каб падрыхтаваць сумленныя выбары.
Святлана ЦіханоўскаяPAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Dziennik Gazeta Prawna друкуе інтэрв’ю з кандыдаткай у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай. Яна адзначае, што яе рашэнне балатавацца было спантанным, калі мужа Сяргея арыштавалі (ён планаваў быць кандыдатам). Людзі ўжо стомленыя ўладай аднаго чалавека, сёлета на пагаршэнне адносінаў да ўлады паўплывала таксама пандэмія каранавіруса, – кажа Ціханоўская. «Страшна думаць пра тое, што ўлады могуць пайсці на жорсткія рэпрэсіі, калі пратэсты будуць нарастаць. Мы не хочам кровапраліцця, не хочам вайны, мы хочам толькі сумленных выбараў. Калі прэзідэнт гаворыць, што ён любіць свой народ, то ён хіба не павінен высылаць войска, каб яно страляла ў людзей», – адзначае суразмоўца выдання.

Ці ёсць сэнс удзельнічаць у выбарах? На думку Святланы, няма сэнсу галасаваць, калі ўся краіна адмаўляецца ўдзельнічаць у выбарах. Аднак большасць людзей мяркуе, што галасаваць трэба. «Таму мы заахвочваем людзей ісці на выбары», – кажа кандыдатка ў прэзідэнты.

Святлана Ціханоўская хоча стаць галавой дзяржавы толькі на палову года, каб падрыхтаваць сумленныя выбары, як прэзідэнцкія, так і парламенцкія. Яна не збіраецца клікаць людзей выйсці на вуліцы, яны самі вырашаць, што ім рабіць. Затое яна просіць польскія СМІ, каб яны заклікалі польскія ўлады звярнуцца да беларускага кіраўніцтва з просьбаю не страляць ва ўласны народ. «Улады, верагодна, і так сфальсіфікуюць выбары, але народ гатоў бараніць усімі спосабамі сумленныя выбары», – кажа Святлана Ціханоўская.

нг