Людзі кажуць, што міліцыя ператварылася ў сапраўдных карнікаў.
Дзявятага жніўня ў Беларусі прайшлі выбары прэзідэнта. У той жа вечар у краіне пачаліся акцыі пратэсту. Яны не сціхаюць па сённяшні дзень. Цяпер пачалі пратэставаць рабочыя заводаў ды працаўнікі ўстановаў. На вуліцы Мінска ды іншых гарадоў выйшлі тысячы мірных людзей.
Зусім іншую трактоўку падзей падае Міністэрства ўнутраных спраў. Паводле МУС, у Беларусі адбываюцца закалоты з высокім узроўнем агрэсіўнасці. Пра гэта заявіў Следчы камітэт. МУС паведаміла пра затрыманні за тры дні амаль 7 тысяч чалавек і пра пацярпелых 38 міліцыянтаў.
Пра пацярпелых грамадзянаў міліцыя нічога не кажа. Затое праваабаронцы ўвесь час паведамлялі пра тое, што многія з затрыманых атрымалі раненні падчас сутычак з АМАПам. Цяпер ёсць пацверджанні саміх людзей. Гаворыць мінчук Сяргей.
- Мы былі ў цэнтры гораду, ішло недзе 50 чалавек. У пэўны момант затрымаліся каля нас вялікія машыны – аўтазакі. Амапаўцы пачалі хапаць людзей, цягнуць у аўтобус. Там яны пачалі нас дзіка збіваць: дручкамі, рукамі, нагамі, без тлумачэння прычын. Ныркі баляць, не магу дыхаць, калена баліць. Пакуль ехалі – увесь час білі. Потым нас запіхнулі ў так званы «карман» у аўтазаку. Ён разлічаны на 2 асобы, нас туды запіхвалі па чатыры ды больш. Было вельмі спякотна, людзі гублялі прытомнасць. Проста жывёльнае стаўленне.
Сёння райніцай пачалі вызваляць затрыманых людзей. Нават гэтага ўлады не змаглі нармальна зрабіць. Перад Цэнтрам затрымання на Акрэсціна стаяла чарга сваякоў затрыманых. Да іх выйшлі міліцыянты з аўтаматамі ды пачалі адганяць людзей.
З першымі вызваленнямі ўся краіна даведалася, што ізалятары ператварыліся ў сапраўдныя «канцлагеры», дзе катуюць людзей. Вось што распавялі вызваленыя Сяргей, Віктар ды Алег.
- Яны стваралі невыносныя ўмовы. Людзей змушалі стаяць пад некалькі гадзін, запіхвалі ў камеры па 30 чалавек, пры разліку на 5. Увесь час здзекаваліся.
- Калі нас прывезлі на Акрэсціна, білі ўсіх. Жудасна. Потым пры вызваленні, таксама білі.
- Моцна білі нас. Прыкладна 3-5 амапаўцаў былі аднаго чалавека. Есці не давалі. Піць давалі – 4 літровыя бутэлькі на 127 чалавек раз на 4 гадзіны.Здзекаваліся жудасна. Яны неадэкватныя людзі. Ніводзін адэкватны чалавек ня можа з такой нянавісцю ды азартам біць другога чалавека. Ім проста падабалася.
Людзі кажуць, што міліцыя абсалютна неадэкватна паводзілася з людзьмі. Галоўнай прычынай гэтага яны называюць палітыку ды падыход беларускага кіраўніцтва.
- Гэта ўсё ідзе ад улады, ад прэзідэнта. Які ён сам – чалавек без маралі ды чалавечых якасцяў. Так ён празамбіраваў увесь дзяржаўны апарат ды сілавікоў супраць нас. Яны нас за людзей не лічылі, мы для іх былі як кавалкі мяса.
Пасля вызвалення людзі кажуць, што ім цяпер страшна выходзіць з дому. Але яны ўсё роўна будуць выходзіць, бо нельга цяпер спыняцца. Інакш усе ахвяры ды пакуты былі надарма.
Юры Ліхтаровіч