Штодзёнка «Gazeta Wyborcza» піша пра падзеі ў Беларусі.
У Беларусі шырацца пратэсты супраць міліцэйскага гвалту ды сфальшаваных выбараў. У адказ на гэта Аляксандр Лукашэнка імкнецца ўцягнуць Расію ў вырашэнне сваіх праблем. Ён стварае ілюзію знешняй пагрозы ды перакідвае войскі пад польскую мяжу, піша выданне.
У суботу Лукашэнка загадаў перакінуць дэсантную брыгаду з Віцебска ў Гродна на мяжу з Польшчай ды Літвой. У нядзелю міністэрства абароны паведаміла пра запланаваныя чатырохдзённыя вайсковыя вучэнні на літоўскай мяжы. У той жа дзень Лукашэнка заявіў, выступаючы перад сагнанымі з усёй краіны бюджэтнікамі, што ня будзе ніякіх новых выбараў, бо войскі НАТО бразгацяць гусеніцамі сваіх танкаў у варот Беларусі.
Выданне зазначае, што гэты тэатр аднаго актора разлічаны на аднаго гледача – Пуціна. Такім чынам Лукашэнка хоча ўцягнуць Маскву ў беларускі канфлікт, каб тая абараніла яго ўладу. Лукашэнка спасылаецца на дамову АДКБ, дзе запісана, што краіне можа быць аказана вайсковая дапамога ў выпадку вонкавай агрэсіі ці каляровай рэвалюцыі.
Пасля двух званкоў Лукашэнку ўдалося атрымаць ад Пуціна абяцанне дапамогі. Цяпер ён мусіць давесці Крамлю, што кантралюе сітуацыю ў краіне ды не згубіў падтрымку грамадзянаў. Таксама выданне не выключае правакацыі на мяжы з боку беларускіх уладаў, каб даказаць Крамлю, што Лукашэнку патрэбна дапамога.
юл