У Беларусі пратэстуюць супрацоўнікі самых магутных прадпрыемстваў краіны. Яны патрабуюць правядзення паўторных выбараў і адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.
Да заводаў МЗКЦ, МАЗ, МТЗ і ММЗ далучыліся шахцёры „Беларуськалія” у Салігорску – аднаго з найбуйнейшых у свеце вытворцаў солі і калійных угнаенняў. Гэта адна з асноў беларускай эканомікі. Кампанія працаўладкоўвае больш за 15 тысяч чалавек, а Салігорск - самы багаты горад краіны, нагадвае публіцыст газеты Rzeczpospolita Руслан Шошын.
„Увесь горад чакаў пратэстаў шахцёраў, справа не ў грошах, але ў тым, што пасля выбараў нашых дзяцей збівалі і катавалі, і людзі больш не вытрымлівалі. Маці гэтых дзяцей не даруюць Лукашэнку”, - тлумачыць адзін з пратэстоўцаў у Салігорску.
“Беларусь зараз перажывае сур'ёзны эканамічны крызіс, дэфіцыт бюджэту ў восем разоў большы, чым планавалася летась. Страйкі толькі паскараюць і паглыбляюць крызіс. Кожны месяц такіх забастовак будзе азначаць для дзяржавы як мінімум 1 мільярд долараў стратаў. Паводле ацэнак, сёлета ВУП не перавысіць 53 мільярды долараў”, - кажа ў размове з газетай вядомы беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук, які быў адным з канкурэнтаў Лукашэнкі на выбарах 2010 года.
„Урад паралізаваны, прэзідэнт пераняў усю ўладу. Ёсць толькі адно пытанне: калі Лукашэнка вырашыць сыйсці без кровапраліцця, інакш нас чакае сур'ёзны крызіс”, - дадае эканаміст.
Мірную перадачу ўлады запрапанавала Лукашэнку яго галоўная канкурэнтка на выбарах Святлана Ціханоўская. Прэс-сакратар яе выбарчага штабу ў Мінску Ганна Красуліна ў нядзелю абвясціла, што ў хуткім часе Ціханоўская абвясціць сябе прэзідэнтам. Аднак, у панядзелак экс-кандыдатка заявіла толькі, што „яна гатовая ўзяць на сябе адказнасць (за краіну) і стаць лідарам нацыі ў цяперашні перыяд”.
„Нашы юрысты ў канчатковым выніку падтрымалі гэтае рашэнне. У палітычным плане яна прэзідэнт – выбаршчыкі яе абралі і яна мае падтрымку народа, але юрыдычных доказаў няма, таму што ўлады знішчылі выбарчыя пратаколы. Зараз Ціханоўская -нацыянальны лідар”, - тлумачыць Красуліна.
„Мы ведаем, што ў беларускім урадзе ёсць таксама адказныя людзі, і мы спадзяемся, што яны пяройдуць на бок народа і ўступяць у Каардынацыйны савет, які зараз фарміруецца”, - дадала Красуліна ў размове з газетай Rzeczpospolita.
аз