Беларуская Служба

Рада заклікае да дыялогу

20.08.2020 15:34
Святлана Ціханоўская заявіла пра сваю перамогу на выбарах і стварыла Каардынацыйную раду для мірнага дыялогу.
Аўдыё
  • У Беларусі пачала дзейнічаць Каардынацыйная рада апазіцыі
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/TATYANA ZENKOVICH Dostawca: PAP/EPA

Лукашэнка адказаў на гэта маналогам – усіх пасадзіць.

9 жніўня ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя. Пра гэта сведчаць дадзеныя незалежных назіральнікаў ды непрызнанні міжнароднай грамады. Лукашэнку прэзідэнтам пакуль прызнала толькі Расія, Кітай ды шэраг краін СНД. Заходні свет патрабуе правядзення новых выбараў.

Пры непрызнанне выбараў і сваю перамогу заявіла Святлана Ціханоўская, якая была кандыдатам. 14 жніўня яна заявіла пра стварэнне Каардынацыйнай рады перамен, куды ўвайшло 65 чалавек. 19 жніўня рада правяла першае пасяджэнне, падчас якога быў абраны прэзідыум з 7 чалавек. Гэта лаўрэат Нобэлеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, міжнародны медыятар Лілія Ўласава, прадстаўнік Менскага трактарнага заводу Сяргей Дылеўскі, юрыст Максім Знак, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова, каардынатар штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава і былы дырэктар Купалаўскага тэатру, былы дыпламат Павел Латушка. Рада і прэзідыум займаюцца цяпер выпрацоўкай стратэгіі перамен, кажа сябра рады сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

- У нас есць Рада і прэзідыум, Туды ўвайшлі годныя, мужныя ды кампетэнтныя людзі. Яны зараз займаюцца распрацоўкай перамоўнай стратэгіі з уладамі. Для сябраў савету ёсць шмат працы па каардынацыі, абмену інфармацыяй з рэгіянальнымі актывістамі, страйкамамі. Людзі просяць інфармацыю, ім патрэбна дапамога, юрыдычнай кансультацыі. Людзі пытаюцца, што рабіць ім бліжэйшы час. Наша задача – даць ім адказ.

Лукашэнка размову з радай пачаў з пагрозаў. Сёння Генеральная пракуратура заявіла, што стварэнне і дзейнасць Каардынацыйнай рады накіравана на захоп дзяржаўнай улады, а таксама на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Па гэтым факце заведзена крымінальная справа па артыкуле 361 Крымінальнага кодэкса. Гэта сведчанне страху Лукашэнкі, затое грамадства перастала баяцца, зазначае Віталь Рымашэўскі.

- Пагрозы ёсць, рэгіянальным актывістам, страйкамаўцам і сябрам прэзідыума. Сёння гарантам бяспекі людзей, якія абраныя ў Раду ды прэзідыум, з'яўляецца працяг пратэстаў. Стварэнне страйкамаў, гарадскіх камітэтаў, якія могуць весці перамовы з уладай.

Каардынацыйная рада заявіла, што мае на на мэце пошук шляхоў для пераадолення палітычнага крызісу ў Беларусі і забеспячэння згоды ў грамадстве на аснове Канстытуцыі. Рада заявіла, што Лукашэнка страціў давер народа і павінен сысці ў адстаўку. Ці пачуе рэжым голас народу, пра гэта мы запыталіся ў аглядальніка Аляксандра Класкоўскага.

- Рада заявіла пра сябе, але першыя заявы не ўражваюць. Яны кажуць пра неабходнасць дыялогу з уладай. Як вядома да танга патрэбныя двое. Лукашэнка вельмі выразна даў зразумець, што ён не гатовы на ніякія кампрамісы і пераходзіць у контра наступ.

Далей можа быць яшчэ горш, непакоіцца эксперт

- Змрочная перспектыва становіцца рэальнай. Лукашэнка паволі душыць пратэставы рух, сілавікі зноў выйшлі на вуліцы. Ён пагражае з часам з усімі разабрацца. Сапраўды потым, калі спадзе палітызацыя, улады возьмуцца за метадычную зачыстку ўсіх агмянёў крамолы і супраціву з пункту гледзішча Лукашэнкі. Гэта палітычныя структуры, грамадзянскай супольнасці ды незалежныя медыі. Можа чорная ноч рэакцыі апусціцца на Беларусь.

У Беларусі працягваецца палітычны крызіс выкліканы фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў ды міліцэйскім гвалтам ды катаваннямі. Апазіцыя спрабуе аб’яднацца вакол Каардынацыйнай рады і заклікае да мірных перамен. Лукашэнка адказвае пагрозамі ды абвінавачаннямі ў захопе ўлады. Далейшы лёс краіны будзе залежыць ад рашэння людзей, народу.

Юры Ліхтаровіч