Беларуская Служба

Беларусы руйнуюць муры аўтарытарызму

24.08.2020 09:12
Лукашэнка па тэлевізіі распачліва дэманструе рашучасць ісці да канца.
Аўдыё
  • Другі тыдзень пратэстаў у Беларусі
   23 .
Пратэсты ў Мінску 23 жніўня.EPA/STR Dostawca: PAP/EPA

Нашмат большую рашучасць пратэставаць выказвае грамадства.

У нядзелю 23 жніўня прайшоў агульнанацыянальны марш Новай Беларусі. Гэта ўжо другі тыдзень беларускіх пратэстаў. Найбольшая акцыя адбылася ў сталіцы, дзе на вуліцы выйшла каля 200 тысяч чалавек.

У гэты дзень беларусы ўбачылі дзе краіны: адну – за калючым дротам з савецкімі песнямі, і другую з тысячамі радасных людзей пад бела-чырвонай белымі сцягамі. У беларускай сталіцы ў гэты дзень панавала атмасфера перамен, кажа Ніна Шыдлоўская са Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

- Людзей нямерана, стаяць вельмі шчыльна, увесь праспект запоўнены людзьмі з нацыянальнай бела-чырвона белай сімволікай. Настрой узнёслы, адчуваецца адзінства.

Марш Новай Беларусі прайшоў па Плошчы Незалежнасці, таксама па праспекце Пераможцаў. Там вакол Стэлы Ўлады выставілі вайсковае ачапленне. Пратэстоўцы нагадалі вайскоўцам пра тое, што яны давалі прысягу народу!» Людзі казалі ім, што маюць досыць гвалту, распавядае ўдзельнік Артур.

- Мы ня хочам жыць у такой краіне, дзе кіруе гвалт і прымус. Людзей бʼюць ды забіваюць на вуліцах, катуюць маладых хлопцаў, жанчын, старых людзей.

На праспекце Пераможцаў прайшоў мітынг. Там выступілі прадстаўнікі Каардынацыйнай рады. Яны агучылі патрабаванні ўладам: адстаўка міністра ўнутраных спраў, абвяшчэнне новых выбараў. Гаворыць сябра Рады Павал Латушка.

- Павінны адбыцца новыя выбары. Мы бачым колькі людзей выходзяць на вуліцы Мінска, гарадоў Беларусі. Гэта не арганізаваныя людзі. Гэта сапраўды воля народа.

Частка людзей схадзіла таксама да Палаца незалежнасці, дзе знаходзіўся Аляксандр Лукашэнка, які паспешліва пакінуў рэзідэнцыю.

Потым дзяржаўныя СМІ прадэманстравалі кадры з Лукашэнкам, якія прыляцеў у палац Незалежнасці з аўтаматам ды пагражаў людзям.

- Мы з імі ўсімі разбярэмся!

Лукашэнкаўская прэс-служба нервова спрабавала давесці, што Лукашэнка нікуды не ўцякаў.

- Як і абяцаў прэзідэнт, ён ні коды не ўцякаў, як бы гэта не прадстаўлялі асобныя блогеры ды тэлеграм каналы, таксама дзеці яго былі з ім. На кадрах бачна яго сына.

Людзі не вераць прапагандзе. Іх пасланне Лукашэнку можна было выразна пачуць учора на маршы ў беларускай сталіцы.

- «Лукашэнка – аўтазак!»

Людзі казалі пра тое, што яны будуць выходзіць на пратэсты пакуль улады не выканаюць іх патрабаванні. Супраціў дыктатуры Лукашэнкі будзе працягвацца, перакананы палітолаг Юры Чавусаў.

- Стотысячная дэманстрацыя сведчыць пра тое, што супраціў не супыняцца, а толькі разгортваецца. Цяперашнія масавыя акцыі беспрэцэдэнтныя па памерах у Беларусі.

Паспяховасць пратэстаў будзе залежыць ад таго наколькі масава да іх далучацца заводы. Забастоўка – гэта тое, чаго баіцца рэжым Лукашэнкі, перакананы адмысловец.

Юры Ліхтаровіч