Беларускія памежнікі не ўпусцілі ў Беларусі галаву Каталіцкага касцёла, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, аб чым згадвае Gazeta Wyborcza. Рашэнне беларускіх уладаў стала апагеем канфлікту паміж Аляксандрам Лукашэнкам ды касцёлам, які працягваецца ўжо шмат гадоў.
Цягам апошніх тыдняў канфлікт абвастрыўся – улады адключылі электрычнасць у Чырвоным касцёле ў Мінску, знялі з эфіру ранішнюю імшу па дзяржаўным радыё, выставілі касмічны рахунак за карыстанне святыняй, якая фармальны належыць дзяржаве. Святары чулі непрыхаваныя пагрозы. Аднак нават на гэтым фоне рашэнне не ўпусціць Кандрусевіча выклікае шок. Па-першае, ён – грамадзянін Беларусі, таму няма падстаў не ўпускаць яго ў краіну, па-другое, падзея напэўна выкліча рэзкія пратэсты вернікаў. Па-трэцяе, падобныя рэпрэсіі могуць паявіцца адносна іншых асоб, якіх Лукашэнка палічыць ворагамі.
Выданне нагадвае, што Кандрусевіч нарадзіўся непадалёк беларуска-польскай мяжы ў польскай сям’і, але стараецца не называць сябе палякам. За апошнія 13 гадоў яго стаўленне да ўладаў радыкальна змянілася. У 2007 годзе, калі Тадэвуш Кандрусевіч стаў галавой каталіцкага касцёла ў Беларусі, ён вырашыў весці дыялог з уладамі. Дзякуючы яму Лукашэнка двойчы пабываў у Ватыкане, сустрэўся з папам рымскім, улады абяцалі падпісаць канкардат. Аднак з цягам часу стала бачна, што гэтая тактыка не прыносіць эфектаў. Канкардату няма, а праблемы касцёла тыя ж самыя. Тады Кандрусевіч пачаў выступаць супраць Лукашэнкі, супрацьстаянне стала адкрытым.
Забарона ўезду ў Беларусь галавы каталіцкага касцёла – гэта новы раздзел у адносінах касцёла з уладамі. Рэжым такім чынам выразна дае зразумець, што ў Беларусі не можа быць іншых аўтарытэтаў, акрамя аднаго – Аляксандра Лукашэнкі.
нг